(працяг) Пасля гэтага долю нябожчыка Мікалая Ярашавіча Воўчка “перавялі” на князя Друцкага Горскага, як апякуна маёнтка Крайск. У сваю чаргу князь Друцкі Горскі выдзяліў спярша раллі. Пад гэтую “долю” было вылучана сяло Баярскае, якое складала 20 валок (11(?) “аселых” і 9(?) “пустых”) асаджаная панцырнымі слугамі. Каб ураўняць гэтую частку з іншымі, да сяла Баярскага далучылі прылягаючыя да яго грунты – дворную раллю (2 валокі) і грунт сяла Баброў (4 валокі і 8 моргаў “пустых”). Усе гэтыя 26(?) валок і 8 моргаў абмежавалі і “засыпалі капцамі” (г.зн. пагранічнымі знакамі ў выглядзе паўсферычных насыпаў). Паколькі у “Мікалаеўскай” частцы было ўсяго 12 “дымоў”, таму каб ураўняць колькасць падданых з іншымі часткамі, з таго ж сяла Бабры, з той яе часткі якая не увайшла ў частку “Мікалая Воўчка” далучылі два “дыма” – Мацея і Грыгорыя Петрашкаў, з іх двумя валокамі зямлі, пры гэтым гэтыя іх две валокі не ўваходзілі ў “Мікалаеўскую” частку. Пры правядзенні новай мяжы паміж сёламі Бабры і Баярскае, у Мацея і Грыгорыя Петрашкоў з іх двух валок адрэзалі два “шнуры” (1 шнур = 1/3 морга), і ў якасці кампенсацыі ім выдзялілі два шнуры ў іншым месцы. Пасля гэтага на частку “Мікалая Воўчка” выдзялілі 20 (ці 25?) моргаў “дворных” сянажацей, якія межавалі з сянажацямі паноў Гурынаў. Яны пачыналіся ад месца ў падзення рэчкі Дрозда ў раку Вілія і шлі да самай пушчы (“Сушкаўскай”). Каля гэтых сенажацяў у Сушкаўскай пушчы і было вылучана 48 валок, 2 морга і 10 прэнтаў лесу. Усе іх разам (пушчу і сенажаці) абмежавалі 17 капцамі. У выніку “раллі” аднім абрубам (г.зн. адным кавалкам) выдзялілі на паўднёвым-захадзе ад мястэчка Крайск недзе паміж сучанымі вёскамі Альковічы, Кабылле і Стайкі, а пушчу і сенажаці – на поўначы ад мястэчка Крайск недзе паміж сучаснымі вёскамі Камена і Задроздзе (на левым баку ракі Вілія). Такім чынам на адну восьмую частку “Мікалая Воўчка” прыпала – 26(?) валок і 8 моргаў раллі, 20 (ці 25?) моргаў сенажацей, 48 валок 2 морга і 10 прэнтаў пушчы, 14 “дымоў”. Увесь гэты надзел было вырашана падзяліць паміж Адамам Ванькевічам, Мікалаем Воўчкам, Станіславам Млажэўскім, Пятром Пузынай і Станіславам Рудзінскім. Пры гэтым грунты ацанілі наступным чынам – аселую баярскую валоку у 60 коп грошай, пустую баярскую валоку у 50 коп грошай, морг сенажацей у 1,5 капы грошай (90 грошай), валоку пушчы ў 20 коп грошай. У якасці валюты выступалі грошы літоўскія. Размеркаванне дымоў і валок паміж крэдыторамі Сяло Баярскае і дворныя раллі 1. Адаму Ванькевічу ў сяле Баярскім перайшло шэсць валок “аселых баяр” і семь валок “пустых” (у самім сяле і каля яго) -- “Ивашка Филипович”, валока (згадваецца ў 1593 сярод баяр “збаражскіх”) -- “Иван Аудзевич”, валока -- “Ян Журавня”, валока -- “Грыгоры Лабатович”, валока (Лабатовічы згадваюцца сярод баяр і мяшчан “насілоўскай”, аднак з іменем Рыгор нікога) -- “Пётр Олкович”, валока (згадваецца ў 1593 сярод баяр “збаражскіх”) -- “Мартын Йозефович”, волока 2. Станіславу Млажэўскаму ў сяле Баярскім перайшло дзьве валокі “аселых баяр” і адна “пустая” валока, якую прыняў “Пётр Олкович”. -- “Ян Холок” “чалавек вольны”, паўтары валокі -- “Ганна Олковна вдова”, паўвалокі 3. Мікалаю Лаўрэнавічу Воўчку ў сяле Баярскім перайшло дзьве валокі “аселых баяр” і адна “пустая” валока. -- “Ян Олкович с сыном Мартыном”, валока (згадваецца ў 1593 сярод баяр “збаражскіх”) -- “Мартын Зеранич с сыном Ярашам”, валока 4. Князю Пятру Пузыне ў сяле Баярскім перайшло дзьве валокі “аселых баяр” і адна “пустая” валока. -- “Мацей Серевич”, валока -- “Лукаш Зерович”, валока Сяло Бабры і адлучаныя ад яго валокі 5. Станіславу Рудзінскаму ў сяле Бобрах перайшло дзьве валокі “аселых баяр” і адна “пустая” валока і восем моргаў якія былі адлучаны ад сяла Бабры. -- “Мацей Петрашко”, валока (згадваецца ў 1590 сярод баяр “насілоўскай”) -- “Грыгоры Петрашко”, валока (згадваецца ў 1590 сярод баяр “насілоўскай”) Застаўшыя (тры?) “пустыя” валокі, якія адлучылі ад сяла Баброў падзялілі паміж сабою Ванькевіч і Воўчак у пэўных прапорцыях. Пасля яны падзялілі паміж сабой сенажаці і частку Сушкаўскай пушчы, якія прыпалі на долю Мікалая Ярашавіча Воўчка. У выніку, нібы Адаму Ванькевічу кампенсавалі толькі 1208 коп і 45 грошай (з 3 050 коп), Мікалаю Воўчку кампенсавалі толькі 307 коп і 11 грошай і 2,5 пенязей (з 522 коп і 20 грошай), кн. Пятру Пузыне кампенсавалі ўсе 200 коп грошай, Станіславу Рудзінскаму ўсе 240 коп грошай якія ён пазычаў менавіта самаму Мікалаю Ярашавічу Воўчку, Станіславу Мложэўскаму кампенсавалі толькі 200 коп (з 223 копы і 40 грошай). Тыя каму не хапіла кампенсаваных сум маглі іх “шукаць” на іншых маёнтках ва ўсіх паветах, дзе толькі маглі знайсці, у якіх меў долю нябожчы Мікалай Воўчак. Хутчэй за ўсё гэта маёнтак Жыцін (Менскі павет) і маёнтак Чыжоўскі (Ашмянскі і Лідзкі паветы) У той жа час Станіславу Рудзінскаму падцвердзілі правы на пушчы і грунты ў Задроздзю. А Яну Кемешу, якому пры падзеле не дасталіся грунты, кампенсавалі гэта часткова грошамі, якія пайшлі на выплату Якубу Умецкаму (127 коп і 25 грошай, або 7645 грошай літоўскіх). Гэтую суму кампенсавалі наступным чынам – Ванкевіч заплаціць палову гэтай сумы (63 коп 43 грошай і 5 пенязей ці 3823,5 грошай літоўскіх), а князь Пузына, пан Воўчак, пан Млажэўскі і пан Рудзінскі павіны былі сплочваць 2-ю палову сумы, падзяліўшы яе пораўну паміж сабою на чатыры часткі. Як пазначана ў дакуменце кожны з іх павінен быў выплаціць 15 коп і 55 грошай (агулам 3820 грошай літоўскіх). Калі падсумаваць гэтыя дзьве сумы то атрымаем 7643,5 грошай літоўскіх (замест 7645, недзе 1,5 гроша (ці 15 пенязяў) згубілі). Як бачна Крыштафу Віцкаму, мужу Марыны Мамонічаўны, у выніку нічога не дасталося. У выніку гэтых усіх мерапрыемст 3 жніўня 1602 года ў панскім двары Крайск быў падпісаны “taxowny” ліст, які падпісалі ўсе вышэйзгаданыя паны. Такім чынам увесь працэс абмераў, насыпаняў капцоў і падзелу грунтоў ад дня прыезду і да дня падпісання канчатковай дамовы заняў 20 дзён. У якасці дадатку 1 валока = 30 моргаў = 90 шнуроў = 9000 прэнтаў = 213 597 кв. м. (ці 21,36 га) 1 морг = 3 шнура = 300 прэнтаў = 7119,9 кв. м. (ці 0,712 га) 1 шнур = 100 прэнтаў = 2373,3 кв. м. (ці 0,24 га) 1 прэнт (ці прут) = 23,733 кв. м. Кошты на зямлю згодна 3-га Статута 1588 года 4-ы раздзел, 98-ы артыкул: “па якой ацэнцы спагнанне сумы грошай, па суду прысуджаных, на ляжачым маёнтку павінна быць праведзена”. Згодна гэтаму артыкулу, спачатку спаганялі доўг з маёнтка за кошт валок цяглых “аселых”, пасля валок цяглых “пустых”. Калі яны сканчываліся, спаганялі з валок “баярскіх”, і ўжо пасля пераходзілі на валокі “дворныя” і так да самаго двара і яго пабудоў і ўсёй яго рухомай маёмасці. Паколькі ўсе цяглыя валокі былі раздадзены ў заставу раней, таму пры двары Крайск, засталіся не раздадзенымі толькі баярскія валокі, якія ў выніку і выдзялілі на долю нябожчыка Мікалая (г.зн. пасля яго смерці) з вёсак Баяры (цалкам) і Бабры (часткова). -- служба або валока людзьмі аселая – 20 коп грошай -- зямля пустуючая або валока пустая – 10 коп грошаў -- панцырны баярын з яго зямлёй (валока) – 40 коп грошаў -- путны баярын з яго зямлёй (валока) – 30 коп грошаў -- морг зямлі ўгноенай – капа грошаў (30 коп за валоку) -- поля простага морг – 50 грошаў (25 коп за валоку) -- морг сенажаці – 50 грошаў -- зямля лясная якая магла б падысці для ворыва, морг – 40 грошаў (20 коп за валоку) -- бору, лясоў, пушчаў за морг – 20 грошаў (10 коп за валоку) Дворныя землі,морг угноены (засеены): -- жытам – 5 коп -- простага – 3 капы -- ярыной засеянага, пшаніцай – 6 коп грошаў -- ячменю – па 6 коп грошаў -- аўса – па 4 капы -- яравога жыта – па 3 капы -- грэчыхі – па 5 коп -- гароху – па 6 коп -- проса – па 4 капы -- сачавіцы – па 4 капы Крыніцы: 1. НГАБ 1769-1-13 2. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588/пераклад А.С. Шагун
Марына Лукашаўна Мамонічаўна Па ўсёй верагоднасці Марына Мамонічаўна нарадзілася недзе ў 1570-1575 гады. Прыкладна ў 1590 годзе пабралася 1-ым шлюбам з Ярашам Мікалаевічам Воўчкам і да 1599 (ці 1600, ужо пасля смерці Яраша) нарадзіла ад яго дачку і пяцёра сыноў. Недзе ў 1601 ці пачатку 1602 года пабралася 2-ім шлюбам з Крыштафам Віцкім, ад якога нарадзіла яшчэ трох дачок і аднаго сына. На дзіву ўсе яе 10 дзяцей ад двух шлюбаў дасціглі паўналеця і не памерлі ў маленстве ад усякіх дзіцячых хвароб. Аднак недзе чацвёра з іх памерлі яшчэ пры яе жыцці. Больш падрабязна пра яе дзяцей напішу асобна. Сама жа Марына перажыла сваіх двух мужоў, атрымаўшы ад кожнага з іх нерухомую маёмасць. Першы муж запісаў на яе фальваркі Грыневічы і Дзераўно (за 2000 коп грошай), а другі муж – фальварк Чарнаруча (за 1200 коп грошай). Марына Мамонічаўна па ўсёй верагоднасці была давлоі супярэчлівай асобай, якая мела складаныя стасункі з родзічамі свайго 1-га мужа, з суседзямі і напэўна са сваімі дзецьмі. Яна актыўна ўдзельнічала ў гаспадарчым жыцці сваёго маёнтка, што будзе бачна ніжэй. Аднак пры гэтым яна абцяжарыла свае фальваркі вялізнымі даўгамі і яшчэ пры жыцці пазаставіла некаторыя з фальваркаў за пэўныя сумы розным асобам. Ніжэй я распавяду пра чарговыя судовыя справы, якія яскрава апісваюць тагачасныя падзеі, якія адбываліся ў жыцці Марыны Мамонічаўны і ў маёнтку Грыневічы ў цэлым з 1600 па 1626 гады. Крадзеж асабістых каштоўнасцей Марыны Мамонічаўны (12.05.1600) Пра “падпал” яе дому (1 сакавіка) і напад яе пасынка (20 верасня) на яе двор Грыневічы ў 1600 годзе, я пісаў вышэй. Аднак у тым жа годзе, паміж гэтымі падзеямі, адбыўся яшчэ адзін выпадак. Яшчэ будучы ўдавой Марына Мамонічаўна ад’ехала некудысь па сваіх справах з Грыневіч. У той час у яе жыла адна дзяўчына на імя Ганна Лабосаўна – яе “выхованка” і “работница”, да якой пана Мамонічаўна мела асабісты давер. Скарыстаўшыся адстутнасцю паны 12 мая да яе двара пад’ехаў баярын яго міласцей пана Станіслава Рудзінскага і яго жонцы Дароты Ваўчкоўны з іменя іх Крайскага* на імя Каспар (прозвішча дрэна чытаецца) разам невядомымі асобамі. Падхе’аўшы пад самы двор яны “падгаварылі” дзеўку Ганну Лабосаўну і звезлі яе ў невядомым накірунку. Пры гэтым “выхаванка” Марыны Мамонічаўны прыхапіла розныя каштоўныя рэчы на агульную суму болей чым 44 капы (ці 2640 гр.) грошай літоўскіх: -- дзве чаркі срэбраныя ... , у якіх было срэбра грывень чатыры (**); -- лыжак срэбных чатыры з якіх было срэбра грывен паўтары (**); -- “пасеку” (пояс) срэбраную пазалочаную коштам 6 коп грошай (360); -- перстенкі два золотых з каменем якія каштавалі 10 коп грошай (600); -- хус (хустак) белых розных за 10 коп грошай (600); -- “летнік” (легкі летні пінжак або жакетка) “мухаяровы” (гатунак ваўнянай тканіны) турэцкага мухаяру “опасаминый” (апяразванны) які каштаваў 8 коп грошай (480); -- плашч мухаяру турэцкага таксама “опасаманам” (апяразванны) і “камками” (шаўковая ўзорыстая тканіна) подшыты каштаваў 6 коп грошай (360); -- шапка “оксамитная” (бархатная) з бабром каштавала 4 капы грошай (240); Па вяртанні дадому Марына Мамонічаўна выслала ў Менск свайго цівуна Паўла Секуновіча з апісаннем скаргі, які 16 мая і прадстаў перад менскім замкавым судом. Далейшы лёс дзеўкі Ганны Лабосаўны і баярына Каспара невядомы, як і невядома што сталася з тымі каштоўнасцямі. Што тычыцца грыневіцкага цівуна Паўла Секуновіча, то верагодна ён згадваецца яшчэ ў інвентары 1590 года сярод сялян вёскі Грыневічы як “Павел Секунович з сыном Тимошком” з 5-га двара. * па ўсёй верагоднасці на той час яны трымалі Крайск у заставе ** не зразумела якая грыўна мелася на ўвазе. У апошняй чверці 16 ст. у ВКЛ дзейнічала некалькі грашовых сістэм. Напрыклад “польская” грыўна раўнялася 38 літоўскіх грошай і 4 пенязей, а “руская” грыўна раўнялася 8 літоўскім грошам Крыніцы: 1. НГАБ 1727-1-1 арк.533 2. Денежное обращение на территории Беларуси в 9-16 веках/ Ш.И. Бектинеев 3. Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі щ 2-х тамах.
Судовыя разборы паміж Віцкімі і Завішамі за маёнтак Грыневічы (1610-1611) Летам 1610 года ўзнавіліся судовыя разборы з панамі Завішамі, якія яшчэ распачаліся напрыканцы жыцця Яраша Воўчка. Ваявода венденскі Крыштаф Служка ад імя сваёй жонкі Зафіі Валовічаўны і яе дзяцей (ад 1-га шлюбу з падскарбіем Андрэям Завішай) – Крыштафа, Юрыя, Мікалая, Ефіміі, Крысціны, Еўфразіны (ці Ганны?) Завішаў, падаў у земскі менскі суд скаргу на Марыну Мамонічаўну і яе 2-га мужа Крыштафа Віцкага, патрабуючы ў іх “вярнуць” Завішам 24 цяглых і баярскіх служаб. Яшчэ 1.07.1531 адзін з тагачасных саўладальнікаў маёнтка Крайск пан Станіслаў Войцахавіч Насілоўскі прадаў князю Васілю Адзінцэвічу Багрынаўскаму (з роду князёў Друцкіх) за 80 коп грошай літоўскіх частку сваіх грунтоў – усяго 8 служаб людзей “данных і тяглых” і “землю баярскую” Сцяпана Пілатовіча*. Праз 9 гадоў, 23.07.1540, той жа Станіслаў Насілоўскі прадае таму ж князю астатнія свае грунты ў маёнтку Крайск – 14 служаб “в Крайску”, “на Кабылей”, “в Юньтевичах”, “в Ракшычох”, “на Сморкове”, “землю боярскую Куцеленскую(?)*” і тры раллі дворных, разам з сенажацямі да іх прылягаючых за 260 коп грошай літоўскіх (магчыма разам з пушчай). Пасля гэтых куплей кн. Васіль Адзінцэвіч 7.10.1540 заключыў нейкае пагадненне з панам Юрыям Войцахавічам Насілоўскім (верагодна наконт межаў гэтых грунтоў з грунтамі Юрыя Насілоўскага у Крайску). Князь Васіль Адзінцэвіч памёр безпатомным (пам.1556) і гэтыя грунты адышлі нібы да яго брата князя Рыгора Адзінцэвіча Багрынаўскага (пам.1559). Аднак кн. Васіль яшчэ ў 1555 годзе склаў тэстамент па якому завяшчаў свае маёнткі сваяму сваяку каралеўскаму ромістру і старасту аршанскаму кн. Андрэю Сямёнавічу Адзінцэвічу (каля 1530-1566). У Судовай справе яго памылкова згадваюць як унука Рыгора. Гэты кн. Андрэй Адзінцэвіч нібы здаў у заставу вышэйзгаданыя грунты у маёнтку Крайск за 100 коп грошай літоўскіх пану Мікалаю Воўчку, бацьку Яраша Воўчка. Сам князь Андрэй Сямёнавіч пабраўся другім шлюбам з дачкой ваяводы віленскага Гальшкай Глябовічаўнай, ад якой у яго нарадзіўся адзіны сын Андрэй. Іх сын Андрэй Андрэевіч памёр у маладосці і незадоўга да сваёй смерці “па хваробе сваёй” усе запісаў сваёй матцы Гальшкі Глябовічаўне. Гэты запіс быў унесены 26.05.1581 у кнігі земскага Слонімскага суда. Пасля смерці князя Андрэя Адзінцэвіча яго ўдава Гальшка Глябовічаўна паўторна пайшла за старасту слонімскага Міхаіла Валовіча, ад якога ў яе нарадзілася дачка Зафія Валовічаўна. 6.03.1598 Гальшка Глябовічаўна, ужо будучы ў трэцім шлюбе за Станіславам Нарбутам прадала сваёй дачцэ Зафіі і яе 1-му мужу падскарбію літоўскаму Андрэю Завішы (пам.1604) тое што ёй адпісаў у 1581 годзе яе сын ад 1-га мужа кн. Андрэй Андрэевіч Адзінцэвіч Багрынаўскі. Гэты прадажны запіс 27.05.1598 унеслі ў земскія менскія кнігі. На падставе таго што нібы некалісь нябожчык Мікалай Юр’евіч Воўчак атрымаў 24 цяглых і баярскіх служаб у заставу ад кн. Андрэя Сямёнавіча (1-га мужа Гальшкі Глябовічаўны), пан падскарбіў літоўскі Андрэй Завіша, ад імя свайго і сваёй жонкі 2.07.1599 і выклікаў Яраша Мікалаевіча Воўчка ў земскі менскі суд, як уладальніка маёнтка Крайск і спадкаемца свайго бацькі, каб спагнаць з яго тыя 24 службы і вярнуць яму 100 коп грошай заставы. Суд быў пераненсены на наступны год, аднак з-за раптоўнай смерці Яраша Воўчка ён не састаяўся. Хутка ў 1604 годзе памёр і Андрэй Завіша, з чаго суд адцягнуўся ажно на 10 год. Ужо пасля яго смерці Зафія Валовічаўна другім шлюбам пабралася з ваяводай вендэнскім Крыштафам Служкай, які і разпачаў гэтую судовую справу. У выніку паследвала некалькі судовых паседжанняў. Спачатку справа разбіралася ў земскім менскім судзе (15.06 – 23.06.1610), пасля на трыбунале літоўскім у Навагрудку (лістапад 1610). Першапачаткова суд прызнаў правамоцтва прэтэнзій паноў Завішаў і прысудзілі Віцкіх выдзяліць гэтыя 24 службы з маёнтка Грыневічы. Разумова Крыштаф Віцкі і Марына Мамонічаўна апратэставалі гэтае рашэнне. У працэсе судовых разглядаў Віцкія даказвалі няслушнасць прэтэнзій Завішаў менавіта на маёнтак Грыневічы, прыводзячы ў якасці аргументаў розныя дакументы (куплі-продажы), па якім было бачна што Грыневічы Воўчкам не належалі аж да 1590-х гадоў і былі набыты ад Яна Осціка і паноў Яна Зяновіча і Міхаіла Анфаровічы. І што Ян Осцік у сваю чаргу набыў іх ад сваёй матцы Ядвігі Насілоўскай (1590) і сваёй стрыечнай сястры Марушы Збаражскай (1593). Акрамя таго пакладалі вяноўны запіс Марыны Мамонічаўны ад Яраша Воўчка ад 1590 года і дамову Марыны Мамонічаўны з сваім пасынкам 1599 года. У выніку на тым жа Трыбунале літоўскім у лістападзе 1611 года адмянілі першапачатковы вырак на маёнтак Грыневічы і перавялі яго на маёнтак Крайск, прызнаўшы слушнымі довады Віцкіх. У гэтыя судовыя разборы былі ўцягнуты і тагачасныя уладальнікі маёнтка Крайск, дзеці нябожчыка Яраша Воўчка. Гестэра Ярашаваўна Ваўчкоўна разам з мужам Янам Кемешам і яе сястра Аляксандра разам з мужам Крыштафам Богушам, ад свайго імя і ад імя непаўналетніх дзяцей Марыны Мамонічаўны падавалі 7.03.1611 скаргу на Завішаў а няслушнам выкліке іх у суд па справе Віцкіх і Завішаў, даказваючы што іх маёнтак Крайск не падлягае спагнанню, а гэтая справа тычыцца непасрэдна Грыневіч, спасылаючыся на папярэднія судовыя выракі 1610 года. Па ўсёй верагодасці ў канцы канцоў яны ўсе пазней прыйшлі да нейкага кампраміснага рашэння, бо ў пазнейшым няма згадак пра нейкія уступы Завішаў у Крайску ці Грыневічах. Дадатак* Насамрэч у гэтай справе таксама цікавы і некалькі геаграфічных тапанімаў: 1. Адзін з іх “зямля баярская Сцяпана Пілатовіча”, згаданая ў 1531 годзе. У інвентары 1593 года сярод пералічаных пустаўшчызн “паловы” Збаражскіх згадваецца “Пилатовщина”. Цытата з інвентара: “неподалеку тогож села Харковского на гостинцу Полоцком корчма, до которое корчмы пустовщина Пилатовщина, пол службы, под которую корчмою став на речце Кобыленце спустошалый”. А ў дамове паміж Мікалаем Воўчкам і Станіславам Рудзінскім ад 1.09.1600 згадваецца адна “пустая” валока вылучаная ў в. Забалацце пад “стадолу” (карчму з пастаялым дваром). Рэч ідзе усё пра адно і тоеж месца, якое пазней называлі засценкам Кабылянка, пры якім яшчэ ў пач. 19 ст. мелася карчма. Згодна апісанню з “Экономические примечания к межевому атласу Минской губернии” пры засценку Кабылянка была карчма: “состоит корчма в коей жительство имеют по временным правом евреи”, і на рэчцы Кабылянка, размешчан быў млын: “мукамольная мельница об одном поставе действие имеет во весь год”. Млын і стаў яшчэ дзейнічалі там у пачатку 20 стагодзя. 2. Другі “землю боярскую Куцеленскую(?)”, згаданую ў 1540 годзе. У тым жа інвентары 1593 годзе ёсць такое апісанне адной сенаджаці на рацэ Вілія: “при том селе Харковском пуща, называемая Харковская, до которой пущи уступ панове Гуринове мают, асобливе луг хмелевый, лежачий над рекою Велею, почоншы от речки Кобыленки аж до сеножати называемое Куциленки, до которого лугу, яко до хмелю, так и до дров не мает нихто уступу, кром сеножатей, которых здавна ужива пан Гурин”. Дзе быў сам грунт баярына Куцэленкі невядома, але яго “імя” верагодна яшчэ доўгі час жыло ў якасці тапаграфічанай назвы ў тых мясцовасцях. Крыніцы: 1. AGAD 354-10-658 2. АВАК, 33 том, ст.129-132 3. НГАБ 1727-1-1 арк.1045-1048 4. http://rurik.hostenko.com/2019/12/22/odinecki/ (артыкул пра князёў Адзінцэвічаў) 5. РДГА ф.1350, воп.312, спр.89
Напад на статак Віцкіх (28.07.1614) 28 ліпеня 1614 года ў небытнасці на той час яе міласці пані Марыны Мамонічаўны і яе мужа Крыштафа Віцкага ў іх маёнтку “Грыневічы Крайскія” на іх панскі двор быў учынён гвалт. На світаню таго летняга дня добра ўзброены атрад напаў на выган пані Віцкай, што быў пад самы Грыневіцкім дваром. На той ранні час на ім пасвіўся статак з “свиреп” (кляч ці кабыл) і “коней ездных валахов” (кастрыраваных каней). Нападаючыя пачалі стрэляць з сваіх стрэльбаў, крычаць і лавіць “валахаў” і “свірэп”. Пабачыўшы гэта, дваровыя пастухі пачалі заганяць статак да “дварца” (фальварка). У гэты час нападаючыя рынуліся за статкам і пачалі стрэляць у адчыненыя брамы, з-за чаго падстрэлілі дзве клячы – адну “тисовую” коштам у 50 злотых польскіх, другую “гнедую” коштам у 30 злотых польскіх. Пасля ўламаўшыся ў браму пачалі хапаць коней і клячы. Пры гэтым дзьве клячы шаблямі бязлітасна парубалі – адну “тисовую” коштам у 40 злотых польскіх, другую (неразборліва) коштам у 20 злотых польскіх. Пасля гэтага злавілі некалькіх клячаў і коней: -- дзве клячы масці “тисавай” коштам па 70 злотых польскіх кожная; -- тры коней “валахов”, аднаго масці (неразборліва.. “?опятого”) каштам у 100 злотых польскіх, другога масці (неразборліва.. “?шпяковатого?”) коштам у 150 злотых польскіх, трэцяга масці “тисавай” уоштам у 80 злотых польскіх. Пасля гэтага, там жа у “дварцы”,збілі і паранілі “рыкуню” (даглядчыцу жывёл) і двух пастухоў, а тых кляч і каней якіх пабралі “неведома куды ўвялі”. Такім чынам забілі чатыры клячы і захапілі дзве клячы і тры “валаха”, на агульную суму ў 610 злотых польскіх ці 14 640 грошай літоўскіх (244 капы). Пасля гэтага праз нейкі час да Грыневіцкага двара прыбыў возны менскі Лукаш Жоравовіча, які аглядзеў пацярпелых і запісаў паказні грыневіцкага ўрадніка Яна Петровіча, паколькі Віцкія яшчэ на той момант не прыехалі. Гэты возны квіт быз запісаны ў кнігі менскага замкава суда 11.08.1614, г.зн. праз два тыдні пасля нападу. Як высвятлілася пасля ў працэсе гэты ўзброены атрад узначалілі Багдан Лонвіновіч Селяцкі, Сцепан Федаравіч Усціновіч і Павел Казачок, “вядомыя волею” сваіх жонак і цёшчы Багдана Селіцкага Грыпіны Паўлаўны Федоровой Гум(?)новой. Па ўсёй верагоднасці паміж Віцкімі і Грыпінай Паўлаўнай быў нейкі стары канфлікт, які выліўся ў выніку ў гэты напад. Сутнасць яго невядома, але магчыма яны такім чынам нешта жадалі такім чынам кампенсаваць. Самае цікавае што яны былі не мясцовымі, і доўгі час шукалі іх маёмасць па розных паветах ВКЛ, расылаючы позвы ва ўсе суды. У выніку суд састаяўся ў мінскім замку (як “па месцу злачынства”) 5 жніўня 1616 года, аднак абвінавачаныя на суд так і не явіліся. Іх прыгаварылі завочна да вялізных навязкаў, а паноў Багдана Селяцкага, Сцепана Усціновіча і Паўла Казачка дадаткова прыгаварылі на 24 тыдня вязеня ў Мінскім замку. Крыніца: 1. НГАБ 1727-1-2 арк.232 адв.-235
Канфлікт з Рудзінскімі (01.09.1620) Недзе у 1617 годзе ці раней Марына Мамонічаўна заставіла сястры сваёго 1-га мужа Дароце Ваўчкоўне Станіслававай Рудзінскай фальварк Дзераўно. Разам з фальваркам былі застаўлены і некаторыя грунты з “баярамі і паданнымі” у сяле Стрыя. У сваю чаргу Дарота Рудзінская верагодна вырашыла заставіць “двух бояр и двух подданых в селе Стрыю” пану Самуэлю Кунцу. Дзеля чаго 07.11.1617 пан Самуэль Кунца прыбыў у замкавы мінскі суд для прызнання гэтай заставы, аднак Дарота ў суд не явілася і ніякай заставы яму не пацвердзіла. Так ці інакш, але з гэтага запісу становіцца вядома што Рудзінскія на той час ужо трымалі ў заставе вышэйзгаданы фальварк разам з нейкімі грунтамі ў сяле Стрыя. Праз тры гады паміж імі і Марынай Мамонічаўнай адбыўся канфлікт, які разгарнуўся вакол аднаго баярына з вёскі Стрыя. Усе ніжэй апісаныя падзеі будуць прыведзены толькі са слоў самой Марыны Мамонічаўны, таму праўдзівасць іх можна дзяліць на двае). У ранку 1 верасня 1620 года Марына Мамонічаўна загадала сваім паданным з сяла Грыневічы і чэлядзі дворнай запрагаць “калёсы” (спецыяльныя павозкі для грузапервозак) нібы для “воженя” (перавозкі) збожа з яе палёў. Запрагнув вазы яны адправіліся на палі і ехаўшы міма яе сяла баярскага Стрыя вырашылі туды заехаць. Як яна пасля апісвала “для некоторых потреб своих” заехала да свайго баярына Мікалая Семеньковіча. Сама зайшла да яго ў дом, а сялян і чэлядзь заставіла стаяць з “калёсамі” на вуліцы. І як назло, у той жа злапомны дзень і час, калі Марына Мамонічаўна знаходзілася ў доме баярына Семеньковіча, на вёску напаў узброены атрад на чале з панамі Янам і Мікалаем Рудзінскімі, якіх нібыта даслала іх маці Дарота Воўчкаўна Станіславаўна Рудзінская з фальварка Дзераўно. Будучы ў доме свайго баярына Марына Мамонічаўна пачула шум і гвалт, яна выскачыла на вуліцу і пабачыла жудасную карціну, як яе людзей, што стаялі на вуліцы, білі і прымушалі грузіць збожа і іншыя рэчы яе падданага баярына Семеньковіча на яе жа вазы. Марына бросілася да сваіх вазоў, пытаясь бараніць людзей і коней, аднак нягледзячы на яе стан, яе збілі з ног і павалілі на землю. Тут яна пабачыла што насамрэч і яе баярын Мікалай Семенковіч здрадзіў ёй і выступіў на баку паноў Рудзінскіх. Больш таго, ён найбольш праявіў да яе жорсткаць. Калі яна ляжала на зямлі, ён дастаў шаблю і хацеў ёй нават адсечы галаву (“хотел ее пани вицкую на голову тячы”). Аднак яму не далі гэта зрабіць яе людзі, у прамым сэнсе захілілі яе сваімі целамі, прыняўшы на сябе ўдар ад шабляў і іншай зброі. Гэта былі яе панцырны баярын “Яска Петрашкевич” і падданыя “Адам Олковыч”, “Василь Кунько” і “Максим Попкович”. Пазней прыехаўшы у той жа дзень возны зафіксаваў на іх цяжкія пабоі: -- “на Яску Петрашку бачыў “на руце правой рану … и начеле по левом боку также видел есми рану крывавую синевую и пухлую” -- “на Адаму Олковичу видел есми плечы побитые синевые и на голове рану опухлую” -- “на Максиме Попковичу видел есмы также плечы и … синевые и на руце левой рану шаблею тятую” Пасля змардавання паданых Мамонічаўны, людзі Рудзінскіх пагрузілі збожа і іншыя рэчы баярына Мікалая Семеньковіча на вазы, а таксама забралі яго скот і адвезлі ўсё да фальварка Дзераўно. Разам з гэтым яны прыхапілі і коней якія належалі Марыне Мамонічаўне і яе падданаму – адну клячу “вараную” з яе асабістага статка, разам з хамутом і вазом, коштам у 24 коп грошай літоўскіх, а другога каня “гнедого” яе падданага “Ивана Бахора” коштам у 6 коп грошай літоўскіх. Акрамя таго Марына Мамонічаўна заявіла што тыя ж паны Рудзінскія у доме пана Яна Касакоўскага ў маёнтку яго Заполе на людзях пагражалі яе забіць. Як на дзіва ў той жа дзень да сяла Стрыя прыехаў і сам возны разам з двумя шляхцічамі сведкамі Янам Руцкім і Паўлам Ігнатовічам. Прыехалі яны ўжо пасля змардаваня падыных Мамонічаўны і толькі зафіксавалі самі раны, аднак засталі яшчэ верагодна людзей Рудзінскіх якія грузілі збожа на вазы пра што і далі пасля паказані: “засталесми самую ее милость пану вицкую стоячую на улицы перед домом и гумном миколая семеньковича и не малую громаду людей служылых з ручницами и шаблями у гумне того семенковича и подвод великую громаду околко десят чоловека у гумне збоже з зерадол беручых на возы”. Пасля яны знялі паказані з Марыны Мамонічаўны і аглядзелі яе людзей, пасля чаго адвезлі квіт у суд. Насамрэч хутчэй за ўсё Марына Мамонічаўна ведала пра пераезд “свайго” баярына і пыталася гэтаму неяк перашкодзіць, таму “выпадкова” сабрала людзей з вазамі і “выпадкова” заехала да яго ў двор. І таму разумова “выпадкова” сустрэлася з людзьмі Рудзінскіх, якія як раз і прыехалі каб спрыяць гэтаму пераезду, на фоне чаго ў іх і адбылася сутычка. Хутчэй за ўсё спрэчка ўзнікла на фоне падзелу на той час самой вёскі Стрыя паміж двумя фальваркамі Грыневічы і Дзераўно, і верагодна Дарота Ваўчкоўна перавозіла сваіх падданых з Стрыі бліжэй да свайго фальварка Дзераўно, што выклікала незадавальненне Марыны Мамонічаўны. Дарэчы ў гэтай справе упершыню згадваюцца Петрашка і Алькевіч як жыхары менавіта маёнтка Грыневічы. Раней “Олковичи” и “Петрашки” згадваліся як баяры вёсак Баяры і Бабры, што уваходзілі ў маёнтак Крайск і фальварк Чарнаруча. Акрамя таго панцырным баярынам назван толькі Петрашка, у той жа час астатнія названы як “падданыя”, г.зн. верагодна “цяглыя”. Што тычыцца астатніх, то “Иван Бахор”, гэта яшчэ адзін прадстаўнік роду Бахар, які дажыў да нашых дзён як і вышэйзгаданыя Петрашкі і Алькевічы. А вось Кунько і Папковіч у 2-й палове 18 – пач. 20 стагодзяў не згадваюцца. Крыніцы: 1. НГАБ 1727-1-2 арк.586-587 2. НГАБ 1727-1-2 арк.1249 адв.-1252
Канфлікт з Календаю (8.08.1626) Пасля падзелу 1602 года Гестэра Ярашаўна Воўчкаўна уступіла ў шлюб з Янам Кемешам, у якога некалісь пазычаў грошы яе брат нябожчык Мікалай Воўчак. Хутка пасля гэтага яна разам з мужам прыняла дзьве з васьмі далей маёнтак Крайск – адну па свайму брату Мікалаю, а другую якая належала ёй супольна з сястрой Аляксандрай. На працягу астатніх двадцаці гадоў яна разам мужам Янам Кемешам набыла рознымі шляхамі долю маёнтка Крайск ад сваёй роднай сястры Аляксандры і некаторыя долі ад сводных братоў Гестэры Воўчкаўны. Насамрэч яны набыла не столькі самі грунты, а колькі правы на іх, бо па большай частцы яны знаходзіліся ў заставе розных паноў. Набыўшы гэтыя часткі 8.06.1623 Гестэра Воўчкаўна і Ян Кемеш прадалі іх ваяводзе полацкаму Янушу Кішцы* і яго жонцы княжне Крысціне Друцкай Сакалінскай за 6 400 злот польскіх (ці 2 560 коп грошай літоўскіх). Пасля гэтага Ян Кішка набыў яшчэ і астатнія долі маёнтка Крайска ў іншых Воўчкаў. У выніку, у частку якую набыў Ян Кішка увайшлі: “…Крайск з дваром з будаваннем дворным і фальваркаўным, з пашняй дворнай, з збожам і быдлам усялякага, … садамі … з мястэчкам Крайскам, з сялом Кабыле, з сялом Ходакамі, з сялом Боярскім, з сялом Заблоцем, з сялом Харкевічамі і іншымі прысёлкамі, з баярамі, мяшчанамі і падданымі ў ніх аселымі – цяглымі і кунічнымі, дзедзічнымі, “oiczystemi” і прыхожымі …. З іх павіннасцямі і падаткамі – чыншамі, дзякламі, мёдамі, працамі ў лясах, сянажацях і грунтах дворных, баярскімі, мяшчанскімі і халопскімі, ставамі, млынамі, саджалкамі, з пушчай Сушкаўскай і пушчай Харкаўскай з дрэвам бортным і зверам, птахамі, водамі, рэкамі з рыбай у ёй …”. У красавіку 1625 года Ян Кішка заставіў гэты маёнтак Крайск разам з вышэйзгаданымі сёламі пану Ежы (Юрыю) Календзе і яго жонцы Феадоры Курчоўне** за 20 тысяч злотых польскіх. І ўжо праз год пасля гэтага ў Марыны Мамонічаўны адбыўся канфлікт з панам Юрыем Календай. На гэты раз у справы меліся паказані абодвух бакоў, таму ніжэй для паўнаты карціны, прыведу абодва варыянта падзей, максімальна набліжанага да тэксту. Версія Марыны Мамонічаўны Аднім летнім жнівенскім днём*** пана Марына Мамонічаўна адправілася на чатырох падводах са сваімі падданымі на адну дальнюю “пасеку” (поле на месцы выкарчаванага лесу) пад назвай “Бубновская”. Сярод паданых былі у асноўным жанчыны (“жнеі”) і некалькіх мужчын, у якасці кіроўцаў “калёс” (вазоў). Адпрацаваўшы дзень і набіўшы вазы снапамі ячменю (па 40 снапоў на кожны воз), яны адправіліся да гумна. Па дарозе да яе гумна на грыневіцкім двары яны праязджалі праз валоку яе падданага “Бахара Конана”**** і вырашыла там прыпыніца, загадаўшы разпрэгчы коней. У гэты час Марына Мамонічаўна ўбачала ўдалі вялікі гурт людзей, які выскачыў аднекуль з боку Крайска і рухаўся ў яе накірунку. Тыя людзі, хто пешу, хто на конях, узброеные рознай зброяй набліжаліся да яе вазоў. Тады пана Мамонічаўна “пачуяўшы” што дабра ад іх нечага чакаць саскочыла з ваза і праз поле пабегла на ўцёкі. У той жа час тая вялікая грамада ўзброеных людзей даехала да яе вазоў, а пасля пабеглі за ёю і хутка яе ў полі насціглі. Як пасля было сказана ў судзе “так жа даганяючы оглоблею засадыли яе”. Ад гэтага ўдару “оглоблею” яна безпрытомна ўпала на зямлю. Ачуняўшы яна пабачыла што гэта былі крайскія паданныя пана Календы. Яна пачала з імі весці размову, пытаючы іх – за што на яе напалі “на вольнай дарозе”? Нашто яны нібы адказалі, што ім прыказаў гэта зрабіць іх пан Календа, а яны насамрэч нічога супраць яе не маюць. Пад час размовы яна пазнала і некаторых з нападаючых. Галоўным сярод іх быў “Ждановичев”. Таксама пазнала і некаторых крайскіх мяшчан***** – “ганчаровага сына Адама Фёдара Сурмача, Карпа Бу(с)ка, Ивана Когеля Кучыча(?), Яска Бакуновича, Ивана Парфеновича, Трохыма Вилк… пасынка, Василя Горкушу…”. Пасля гэтай невялікай размовы паданныя Календы вярнуліся да яе вазоў і пачалі запрагаць у іх яе ж каней. Марына Мамонічава пыталася бараніць вазы і коней сваіх паданых ад “рабаўнікоў”, але ж яны, ня гледзячы на яе прыпоны, запрэглі вазы і разам з снапамі ячменю адвезлі іх да крайскага двара пана Календы. -- у “лыги?” узялі “колёсу” якая каштавала 40 грошай літоўскіх -- у “ильковича” узялі “колёсу” якая каштавала 44 грошай літоўскіх -- у “минка?” узялі “колёсу” якая каштавала паўтара “золотого” (верагодна 36 грошай літоўскіх) -- у “бобовника” узялі “колёсу” якая каштавала 40 грошай літоўскіх Версія Кішкі і Календы Перш наперш згаданая “Бубновская пасека” заўсёды належала да маёнтка Крайск. І няведама з чаго падданыя Марыны Мамонічаўны перайшлі “старадаўнюю” мяжу і засеялі яе ячмянём. А пасля, як прыйшоў час жніва, прыйшлі і пачалі жаць на ёй. Пра гэта данеслі пану Календзе і ён у сваіх падданых спытаў ці дакладна гэты грунт належыць да маёнтка крайскага, на што мяшчане крайскія пацвердзілі яму гэта. Пасля гэтага пан Календа прыказаў мяшчанам Крайскім ехаць і “бараніць” гэты грунт. Калі яны прыйшлі на гэтую пасеку, то пабачыўшы іх, пані Віцкая і яе людзі, распрэглі коней і пабеглі прэч адтуль. Пасля гэтага людзі пана Календы пабралі кінутыя прама там, на пасецы, вазы з снапамі ячменя і каней і адвезлі іх да пана Календы. Але нікога яны пры гэтым не грабілі і не білі. Земскі суд (22.01.1627) Каб разабрацца ў гэтай “заблытанай і складанай” сітуацыі ў Менскім земскім судзе сабраліся 22.01.1627 прадстаўнікі вышэйзгаданых паноў. Інтарэсы Марыны Мамонічаўны прадстаўляў пан Малеевіч, інтарэсы Календы прадстаўляў пан Станіслаў Харэвіч, а інтарэсы Януша Кішкі прадстаўляў пан Валерыян Альшэўскі. У выніку судовых разбораў суд прызнаў, што “Бубновская пасека” належала да маёнтка Крайск, але за ўчынены гвалт і рабаўніцтва ў адносінах да Марыны Мамонічаўны Крыштафавай Віцкай і яе людзей суд прысудзіў пана Календу выплаціць ёй 51 капу і 40 грошай літоўскіх. З гэтай сумы 40 коп грошай пан Календа павінен быў выплаціць менавіта за паранення самой паны Марыны Мамонічаўны, згодна 3-му статуту, 11-му раздзелу, 27-га артыкула: “пра галаўшчыны, прычыненні калецтваў і аб навязках шляхецкіх”. * Януш Кішка (1586 – 1654), ваявода полацкі (з 1621), гетман польны (у 1635 – 1646) і вялікі гетман літоўскі (з 1646 года). Уладальнік шматлікіх маёнткаў, у тым ліку і Даўгінава. Памёр без нашчадкаў. Быў апошнім прадстаўніком з мужчынскай лініі роду Кішкаў. ** Феадора Курчоўна, дачка 3-га ваяводы дэрпцкага Марціна Данілавіча Курча (пам.1602) *** 8 жніўня 1626 года **** Конан Бахар згадваецца ў інвентары 1590 года, як жыхар вёскі Грыневічы, сын Гаурыла Бахара. Меў брата Фёдара. ***** 1) “Когель” вядомая прозвішча сярод крайскіх мяшчан і ў 18-19 стагодзях; 2) “Бакунович” згадваюцца ўжо ў 1582 годзе, сярод мяшчан Крайскіх, якія належалі Воўчкам. На правым беразе ракі Вілія, на поўнач ад Крайск, існуе зараз вёска Бакунькі, вядомая з 17 стагодзя. У 18-19 ст. побач з ёю быў засценак Бакунова; Крыніцы: 1. AGAD 354-10-658 2. НГАБ 1702-1-11
Игорь, если я вас исправляю - это потому, что имею на руках архивные документы...это касается и Петра Олковича и жены Яна Яновского и Носиловских.Я вам достаточно документов скидывала 2020-21 годах. Больше это делать не собираюсь, т.к. вы потом делаете вид, что все самсам... Можете игнорировать сколько хотите, но вы вводите читателей в заблуждения своими ошибками
Вельмі зручная пазіцыя) Я вам канкрэтныя факты са скрынамі, а вы як заўсёды нічым не падмацаваныя заявы. Прабачце але гэта называецца балабольства. Наконт таго што, колькі і каму што скідваў і што рабіў я бы на вашым месцы маўчаў. Усяго вам добрага
Падзелы маёнтка Грыневічы паміж дзецьмі Марыны Мамонічаўны З судовай справы 1723 года вядома што яшчэ пры жыці Марыны Мамонічаўны яе маёнтак Грыневічы разам з фальваркам Дзераўно быў падзелены на пяць роўных частак – адна засталася за ёю, а чатыры адышлі да яе чаторых з шасці дзяцей ад першага шлюбу з Ярашам Мікалаевічам Воўчкам. Калі дакладна адбыўся гэты падзел і пры якіх абставінах невядома, аднак з таго што ён быў падзелен толькі паміж чатырмя дзецьмі (сынамі) вынікае што гэта адбылося ўжо пасля смерці яе дачкі Барбары і аднаго з яе сыноў (верагодна Яраша). Згодна 3-га статуту 3-га раздзела 40-га артыкула такі падзел мог адбыцца толькі са згоды самой Марыны Мамонічаўны, паколькі яна трымала маёнтак Грыневічы як вена запісанае ад мужа. Аднак магчыма гэты падзел адбыўся і пасля смерці 2-га мужа Крыштафа Віцкага, згодна 5-га раздзела 16-га артыкула “… Аднак калі б той другі муж яе памёр, а дзяцей пасля сябе пакінуў, тады яна паміж сваімі дзецьмі роўную частку ў маёнтку павінна ўзяць, а на тым да смерці жыць…”. Так ці інакш але яшчэ пры яе жыцці гэтыя чатыры часткі нібы набыў адзін з яе сыноў ад 1-га шлюбу – Лукаш Ярашавіч Воўчак. Пры гэтым дзеці ад 2-га шлюбу ў гэтым падзеле не ўдзельнічалі. 1. Барбара Ярашаўна Воўчак, верагодна самая старэйшая з дзяцей Марыны Мамонічаўны. Яе імя вядома з судовай справы 1723 года і справы падзелу маёнтка Крайск 1602 года. Згадваецца што яна памерла ў маладосці, і яе доля (адна восьмая частка маёнтка крайск) перайшла на яе пяці братоў. Па ўсёў верагоднасці яна памерла да 1611 года, т.я. у судовай справе паміж Завішамі і Віцкімі згадваецца што на той час у Гестэры і Аляксандры Воўчкаўн не было паўналетніх братоў ці сясцёр. З улікам што паўналецце для хлапцоў наступала ў 18 год, а ў дзяўчын у 13 год, можа зрабіць выснову, што ўсе пяць сыноў Марыны Мамонічаўны нарадзіліся паміж 1593 і 1600 гадамі. Паколькі шлюб адбыўся недзе ў 1590 годзе (калі быў створаны вяноўны запіс), то Барбара павіна была нарадзіцца недзе ў 1591-1592 гадах. Ну і паколькі памерла ў дзявочым стане верагодна і памерла да 1611 года. 2. Крыштаф Ярашавіч Воўчак, ва ўсіх спісах у якіх пералічаны дзеці Яраша Мікалаевіча Воўчка і Марыны Мамонічаўны, заўсёды згадваецца 1-ым. Акрамя таго згадваецца ў дакуменце 1616 года, як паўналетні і старэйшы брат Яраша Ярашавіча Воўчка. Па ўсёй верагоднасці ён нарадзіўся недзе ў 1593/1594 годзе. У 1602 годзе атрымаў адну восьмую частку маёнтка Крайск, пасля на яго перайшла доля ад сястры Бабрбары. Акрамя таго атрымаў адну пятую частку маёнтка Грыневічы. Разам з братам Ярашам (і верагодна і іншымі братамі) меў у сумесным уладанні дамы ў Вільні і Менску. Меў спрэчкі са сваімі братамі за маёмасць. Верагодна ў выніку адной з іх быў забіты сваім малодшым братам Юрыем Ярашавічам Воўчкам. Заставіў пасля сябе ўдаву Катарыну Ленкавічаўну Пагорскую(?), якая пасля пабралася другім шлюбам з панам Мікалаем Салагубам. Згодна судовай справы 1723 года, на яе спалі частка Крайска і Грыневіч яе мужа Крыштафа і доля яго брата Юрыя, які ў якасці кампенсацыі адпісаў ёй сваю частку Крайска і Грыневіч. Пасля нейкім чынам частка Крайска адышла да Януша Кішкі, а частка Грыневіч да Лукаша Ярашавіча Воўчка. 3. Яраш Ярашавіч Воўчак, верагодна другі сын Яраша Мікалаевіча Воўчка і Марыны Мамонічаўны. У 1616 годзе значыцца як паўналетні, які ўжо некалькі гадоў быў на ваенай службе. Нарадзіўся верагодна каля 1594/1595 года. 2 жніўня 1616 года склаў ліст аб перадачы за 100 коп грошай літоўскіх сваёй своднай сястры Гестэры Ярашаўны Воўчак і яе мужу Яну Кемешу сваёй долі ў маёнтку Крайск, часткі дамоў у Вільні і Менску, а таксама грашовую долю мацярынскага вена на маёнтку Грыневічы. Згодна дамове, будучы на вайсковай службе, ён выпраўляўся ў паход у складзе атрада каралеўскага палкоўніка Юзафа Лісоўскага, і яму патрэбна было выправіць чатырох “коней”, дзеля чаго ён і пазычаў вышэйзгаданую суму. У выніку калі б ён загінуў у паходзе, уся яго маёмасць павіна была адысці да яго сястры і яе мужа. Тэрмін яго вяртання быў пазначан праз 12 тыдняў (тры месяца). Па ўсёй верагоднасці з пахода ён так і не вярнуўся ці ў далеўшым ня змог вярнуць пазычаную суму, бо ў далейшым яго доля аказалася ў руках яго сястры Гестэры, а пасля была прададзена ў 1623 годзе Янушу Кішке. Дарэчы Юзаф (Аляксандр Юзаф) Лісоўскі быў знакамітым вайсковым дзеячам, яго імем назвалі атрады іерыгулярнай легкай кавалерыі ў Рэчы Паспалітай (“лісаўчыкі”). Як раз гэты паход, восені 1616 года, і стаў апошнім для палкоўніка Юзафа Лісоўскага. Сам атрад сабраўся каля Гомеля і выправіўся на Старадуб, які тады належаў Маскве. Па дарозе да Старадуба Лісоўскі раптоўна упаў з каня і памёр. Пасля чаго атрад узначаліў Станіслаў Чаплінскі. Пад час гэтай выправы “лісаўчыкі” захапілі Курск. Праз два гады Чаплінскі загінуў пад сценамі Свята-Троіцкай Сергавай Лаўры пад Масквой (па іншым дадзеным у Калузе). 4. Аляксандр Ярашавіч Воўчак, верагодна трэці сын Яраша Мікалаевіча Воўчка і Марыны Мамонічаўны. Пра яго мала што вядома. Яго доля Крайска апынулася ў руках Януша Кішкі (магчыма праз яго сястру Гестэру), а доля Грыневіч нібы была набыта яго братам Лукашам Воўчкам. 5. Юры (Ежы) Воўчак, верагодна чацвёрты сын Яраша Мікалаевіча Воўчка і Марыны Мамонічаўны. Як згадваецца ў судовай справе 1723 года, ён забіў свайго старэйшага брата Крыштафа, у выніку чаго, верагодна ў якасці замірэння, быў вымушаны адмовіцца ад сваёй долі ў Крайску і Грыневічах на карысць удавы свайго брата. Аднак пасля Юры ўдзельнічаў у падзеле “мацярынска” часткі (адной пятай маёнтка Грыневічы). Апошняя пра яго згадка датуецца 1645 годам, калі ён судзіўся са сваім родным братам Лукашам і своднымі сёстрамі Марынай і Схаластыкай Віцкімі і родным братам Лукашам, якія на той час ўжо былі манашкамі свята-троіцкага базыльянскага кляштара. Спрэчка была за грунты ў маёнтку Грыневічы, у вніку якіх яго нават прыгаварывалі да баніцыі (г. зн. выгнаня), аднак пасля баніцыя была адмяняна каралём. Вядома што ў яго была жонка, але імя яе невядома. 6. Лукаш Ярашавіч Воўчак, верагодна пяты і самы малодшы сын Яраша Мікалаевіча Воўчка і Марыны Мамонічаўны, нарадзіўся недзе ў 1599/1600 годзе. Быў жанаты на Барбары Крышпінаўне Левальтаўне Езерскай*. У раніх дакументах Лукаш згадваецца з адным іменем, у пазнейшых з двумя – Лукаш Стэфан (верагодна мела месца пераходу з нейкай рэлігіі ў каталіцтва). У судовай справе 1723 года, згадваецца як уладальнік чатырох частак маёнтка Грыневічы і фальварка Чарнаруча. Верагодна ў яго знаходзіліся часткі яго братоў Крыштафа, Аляксандра і Юрыя.
(працяг) Такім чынам верагодна падзел маёнтка Грыневічы на пяць частак адбыўся недзе пасля 1616 года, калі было дакладна жывы ўсе пяць сыноў і да 1625 года, калі Януш Кішка здаў у заставу маёнтак Крайск з часткамі усіх пяці сыноў Яраша Мікалаевіча Воўчка і Марыны Мамонічаўны. Пры гэтым у гэтыя долі не ўваходзілі іх долі з маёнтка Грыневічы. З чаго ў выніку пасля была блытаніна і спрэчкі, што менавіта набыў Януш Кішка. У той жа судовай справе 1723 годзе бок Гараінаў і Марцінкевічаў безпаспяхова спрабавалі аспрэчыць правы манашак на маёнтак Грыневічы, як раз праз тое што нібы ў долі, якія набыў Кішка ўваходзіў і маёнтак Грыневічы. Пасля смерці Марыны Мамонічаўны, яе пятая частка Грыневіч і Дзераўно, згодна 5-га раздзела 14-га артыкула 3-га статута, была пораўну падзелена паміж застаўшыміся яе дзецьмі ад двух шлюбаў – на шэсць роўных частак. У падзеле прынялі ўдзел Юры і Лукаш Воўчкі, а таксама Мікалай, Марыанна, Схаластыка і Юдыта Віцкія. Згодна падкаморчаму дэкрэту ад 14.08.1643 адна шостая частка пятай часткі маёнтка Грыневіч складала 2 валокі і 23 морга. Такім чынам можна падлічыць агульную суму усіх валок маёнтка (ралі, сянажаці і пушчы) – 2490 морга (ці 83 валокі) ці 17,73 км. кв. Цікава што гэтая лічба ня вельмі адрозніваецца ад сумы грунтоў, якія належалі былым часткам маёнтка Грыневічы ў пачатку 20 стагодзя. Грунты былога маёнтка Грыневічы паводле даведніка Гашкевіча ў пач. 20 ст.: маёнтак Грыневічы Таразевічаў – 280 дзесяцін казенны засценак Гаротніца/Агародніца на беразе р. Дзвіноса – 12 дзесяціны фальварк Эльдорадо/Гальдарады Таразевічаў – 93 дзесяціны вёска Грыневічы – 484 дзесяціны вёска Дзераўно – 525 дзесяціны вёска Стрый – 347 дзесяцін Агулам 1753 дзесяціны ці 89,5 валокі, г.зн. розніца недзе ў 6,5 валокі. Пры гэтым трэба ўлічваць што базыльянкі пасля, на працягу 18-19 стагодзяў, судзіліся са сваімі суседзямі за розныя памежныя грунты і таму верагодна нейкія валокі пасля да сябе змаглі далучыць. 16.09.1643 (праз месяц пасля падкаморчага дэкрэту) пан Лукаш Ярашавіч Воўчак свае чатыры з пяці частак і адну шостую з пятай часткі маёнтка Грыневічы разам з фальваркам Чарнаруча прадаў пісаравай земскай менскай Марыне Яцынічаўне Мікалаевай Вяжэвічавай за 20 тысяч злотых (згодна судоваму дакументу 1723 года гэты продаж актыкаваны 8.07.1644 на Галоўным Трыбунале Літоўскім). Пасля гэтага Марына Вяжэвічава да снежня 1645 года набыла яшчэ тры часткі з той пятай часткі ў Юрыя Воўчка** і Юдыты Віцкай (яна прадала свой грунт і грунт свайго брата Мікалая Віцкага). Усе гэтыя грунты пасля былі запісаны ў фундуш свята-троіцкаму кляштару ў Мінску. Аднак грунты Марыанны і Схаластыкі Віцкіх у выніку не ўвашлі ў фундуш, т.я. нібы заставаліся ў іх на руках нават пасля іх уступлення ў канвент Святога Базылія. Трэба адзначыць, што на момант падпісаня падкаморчага дэкрэту, яны былі ўжо манашкамі. Увогуле пытанне а прыналежнасці гэтых іх грунтоў да кляштару разглядалася асобна. * Левальт Езерскія ў 17 ст. валодалі маёнткам Рагозіна. ** у той жа судовай справе прыводзіца і іншая версія, нібы частка Юрыя, пасля яго смерці, адышла да Лукаша Воўчка, і была прададзена разам з іншымі яго грунтамі ў 1643 годзе. Аднак гэта не супадае з храналогіяй, бо у 1645 годзе Юры Воўчак яшчэ быў жывы. Дадатак, вытрымкі з 3-га статута 1588 года 3-і раздзел пра вольнасці шляхецкія і пра пашырэнне вялікага княства літоўскага Артыкул 40 Бацька і маці дзецям пры жыцці сваім па прынуцы не абавязаны маёнткі саступаць, акрамя таго, што б самі хацелі па сваёй добрай волі “Устанаўліваем таксама, што бацька дзецям пры сваім жыцці па прынуцы не абавязаны маёнтка ніякага саступаць, толькі па добрай волі сваёй, што будзе воля яго. Але што датычыць маёнткаў мацярынскіх, то, калі не будзе ён на тое мець належнага права і даручэння ад жонкі сваёй, а іх маці, абавязаны тое сыну даросламу і дачцы, выдаўшы яе замуж, перадаць. Таксама і маці, якая будзе маёнткі свае вотчынныя ці мацярынскія мець, таксама і купленныя, або ад мужа свайго запісанныя, па прынуцы не абавязана пры сваім жыцці дзецям перадаваць, але толькі што будзе па яе добрай волі, тое можа перадаць” 5-ы раздзел аб праве пасагу і аб вене Артыкул 14 Пра спадчыны, якія пароўну на сына і на дачок прыходзяцца, і аб пасагу матчыным, калі б нікому не запісала “Таксама ўстанаўліваем, што ўсякая маёмасць мацярынская без пісьмовага распараджэння ад памерлай, як маёнткі ляжачыя, так і рухомыя рэчы тыя, гэта значыць грошы наяўныя, золата, срэбра, жэмчуг, каменні дарагія, адзенне і ўборы ўсякія, волава, медзь, коні, вазы, дываны, апоны і іншы ўсякі посуд і хатняе начынне, таксама і пасаг матчын, які б нікому не быў запісаны, – гэта ўсё павінна ісці ў роўны падзел паміж усімі дзецьмі, як сынамі, так і дочкамі. Аднак спадчына вотчынная маёнткаў ляжачых, скарбаў і маёмасці рухомай толькі на сыноў і на блізкіх па бацьку будзе пераходзіць так, як і ў іншым месцы шырэй пра тое напісана, асабліва дзе б бацькавым запісам або тастаментам не распарадзіўся і не распісаў.” Артыкул 16 Калі б якая ўдава замуж пайшла “Устанаўліваем таксама: калі б якая ўдава замуж пайшла, а перш, будучы за першым мужам сваім, вена, аформленае ад мужа свайго, мела, тады ўжо ад другога мужа не павінна вена запісанага мець. Аднак калі б той другі муж яе памёр, а дзяцей пасля сябе пакінуў, тады яна паміж сваімі дзецьмі роўную частку ў маёнтку павінна ўзяць, а на тым да смерці жыць. А калі б адно дзіця засталося, тады ад таго дзіцяці або ад блізкіх павінна на ўдовіным стальцы толькі на трэцяй частцы застацца, а пасля смерці і тая трэцяя частка павінна перайсці да блізкіх. А седзячы на ўдовіным стальцы, не павінна таго маёнтка страціць, але ва ўсім паводзіць сябе паводле таго, як вышэй аб тым напісана. Аднак жа тую свабоду мужу захоўваем, што можна будзе яму і такой жонцы сваёй, удавой узятай, што захоча маёмасці сваёй нерухомай і рухомай запісаць. А якой жонцы, што ад мужа нерухомая маёмасць запісана будзе, такая ўжо ні ад дзяцей, ні ад блізкіх часткі, вышэй узгаданай, у маёнтку мужа дамагацца не павінна.” Крыніцы: 1. НГАБ 1702-1-11 2. НГАБ 1727-1-2 арк.228 адв.-230 адв. 3. АВАК, том 15, ст.18, 29-31 4. Виленская губерния Полн. список насел. мест со стат. дан. о каждом поселении, сост. по офиц. сведениям И.И. Гошкевичем. - Вильна Губ. тип., 1905 6. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588/пераклад А.С. Шагун
Чарнаруча З гэтай назвай звязана некалькі геаграфічных аб’ектаў – ручай, сяло, фальварк (ці дварэц), засценак і верагодна двор аднаго шляхецкага роду, якое сваё прозвішча атрымаў ад Чорнага ручая. Разглядзем усе іх па парадку і пачнем з саміх паноў Чарнаруцкіх. Паны Чарнаруцкія Верагодна першым прадстаўніком гэтага роду быў Станіслаў Міціч, згаданы ў сакавіку 1561 года. У літоўскіх метрыках* захавалася справа, дзе згадваецца а канфлікце паміж панам Мікалаем Воўчкам і панам Станам Міцічам за нейкі грунт на Чорным Ручаі. Па ўсёй верагоднасці грунты пана Мікалая Воўчка і Станіслава Міціча межавалі паміж сабою, і хутчэй пану Воўчку належала ўжо тады сяло Кабыле, якое згадвалася яшчэ ў 1540 годзе, і якое нібы ён атрымаў у заставу разам з іншымі грунтамі ад кн. Андрэя Сямёнавіча Адзінцэвіча Багрынаўскага (аб чым я пісаў раней). Гэты Стань Міціч згадваецца і пазней, але ўжо як Станіслаў Міціч Чарнаруцкі. 19.03.1582 ураднік крайскі Яна Касмоўскага і яго жонкі Ядвігі Насілоўскай Фронцак Асецкі з баярамі і паданымі напалі на двор пана Станіслава Міціча Чарнаруцкага і Багданы Шлехаўны Рагазянкі. Яго самога і яго жонку збілі і змардавалі. З дому выняслі усякай рухомасці: грошай у каморы з скрыні узялі 200 коп грошай, пояс обруч срэбраны пазалачоны за 20 коп грошай, дзьве брамкі перловыя (жаночы галаўны ўбор упрыгожаны жэмчугам) (за 9 і 8,5 коп грошай), два залатых пярсцёнка (за 5 і 3 капы грошай), “тузін” лыжак срэбраных (12 штук), шубку лісію і інш. 3 мая па гэтай справе ў замкавым судзе разглядалі скаргу паноў Чарнаруцкіх, але за няправільнага афармлення позвы (выкліка ў суд), ён была анулявана. Прычынай стала тое што ў позве не былі пералічыны усе “тытулы” Ядвігі Насілоўскай, а менавіта забылі ўзгадаць што яна была старасцянка Чачэрскай і Прапойскай. У гэтым жа годзе, верагодна іх сыны – Зміцер і Васілі Чарнаруцкія напалі на людзей князя Збаражскага. 1.04.1582 двое баяр князя Стэфана Збаражскага Ян Жаровіч і Павел Белы у “тарговы дзень” вярталіся з Крайска да дадому. Па дарозе на іх напалі земяне гаспадарскія павету менскага Зміцер і Васілей Чарнаруцкія з сваімі людзьмі. Яны іх жорстка збілі і пасля абрабавалі і пакінулі на дарозе “ледзьве жывых”. -- у Яна Жаровіча ўзялі пояс з вачком (кашэль) з нажамі, а ў кашэлю было 5 коп грошай літоўскіх, армяк (світка) мураўскі шарый .. за 4 капы грошай літоўскіх, шаблю за 80 грошай літоўскіх -- у Паўла Белага ўзялі пояс з калітою, а ў каліце 3 капы грошай літоўскіх, кажух за адну капу куплены, корд за пол капы куплены, солі два безмена за 5 грошайлітоўскіх куплены Зміцер Чарнаруцкі згадваецца і пазней. У 1600 годзе Марына Мамонічаўна абвінавачвала яго ў падпале яе дому ў Грыневічах (1.03). Пасля ён згадваецца сярод тых хто разам з возным аглядаў збітых сялян у сяле Дразды (8.11) Яшчэ адзін прадстаўнік гэтага роду, Протас Станіслававіч Чарнаруцкі, згадваецца 2.11.1590 сярод сведкаў пры перадачы ад Ядвігі Насілоўскай яе сыну Яну Осціку часткі маёнтка Крайск. Ён жа згадваецца сярод сведкаў і 10.07.1593, калі Ян Осцік набы другую частку маёнтка Крайск у княжны Марушы Збаражскай. 2.10.1600 ён жа быў сведкамі пры аглядзе возным збітых у Грыневічах панам Мікалаем Воўчкам людзей Марыны Мамонічаўны. Пасля 1600 года дадзеных пра іх няма, і пазней яны ўжо не згадваліся. Або яны вымерлі, або з’ехалі, прадаўшы свій “двор”. Па ўсёй верагоднасці іх грунты ўвайшлі у склад фальварка Чарнаруча. Мабыць калі яго трымаў Крыштаф Віцкі. Чорны Ручай Згадваемы ў 16 стагодзі, да нашых дзён ён нібы не захаваўся (ці захаваўся часткова). Аднак яго можна прасачыць па мапах 19-20 стагодзяў. Згодна “Экономическим примечаниям” да мапы 1800 года двор Чарнаруча і вёскі Аўсянікі і Маразы былі размешчаны “на суходоле”, а вёска Кабыле размяшчалася на левым баку рэчкі Кабылянка. Такім чынам у гэтых “примечаниях” поўнасцю адсутнічая сама рэчка, пры гэтым яна пазначана на мапах 19 ст. Ніжэй прыведзены фрагменты чатырох мап (1830-я – 1960-я гады), на якіх Чорны Ручай пазначан сінім колерам. -- пад лічбай адзін (1) ён пазначан на мапе “Фіцінгофа”, якая адлюстроўвае мясцовасць недзе ў 1830-я гады. На гэтай мапе ён памылкова пазначан як частка рэчкі Кабылянка -- пад лічбай два (2) ён пазначан на трох-верстке 2-й паловы 19 ст. Як і ў першым выпадку, ён памылкова пазначан як частка рэчкі Кабылянка -- пад лічбай тры (3) ён пазначан на 500-метроўцы 1930-х гадоў, але ўжо больш падобна што пазначан як невядомы ручай, упадаючы ў рэчку Кабылянка -- пад лічбай чатыры (4) ён пазначан ужо як канал выцякаючы з сажалкі, які упадае ў рэчку Кабылянка. Мапа прыблізна 80-х гадоў 20 ст. (можа і пазней) Згодна гэтым мапам Чорны Ручай пачынаўся недалёк ад вёскі Маразы, на поўнач ад яе і цёк з поўдня на поўнач на працягу недзе 2 кіламетраў да ўпадзення ў рэчку Кабылянку. Але магчыма ў 16 стагодзе, ён мог быць трошкі даўжэй, але не на шмат. Вось вакол гэтага ручая і фарміраўся пазней фальварк Чарнаруча. Як бачна на мапах, уздоўж гэтага ручая ў 19 стагодзі размяшчаўся сам панскі двор Чарнаруча і вёска Аўсянікі. І недзе ў яго вытоках размяшчалася вёска Маразы (пазней засценак). На усход ад Чорнага Ручая, недзе ў 1,5 км размяшчалася вёска Кабыле, аднак да пач. 18 ст. яна ўваходзіла ў маёнтак Крайск і да фальварку Чарнаруча ніякага дачыненне не мела. Альковічы жа размяшчаліся недзе ў адным кіламетры на паўдневым-захадзе ад Ручая, і ў 1-й пал. 17 ст. у ім жылі баяры фальварка Чарнаруча. Аднак ў канцы 16 – 1-й пал. 17 ст. з гэтым ручаем звязаны іншыя населеныя пункты. Крыніцы: 1. *AGAD (SML, том 4-ы, кадр на плёнцы 310, запіс №540) – “Sprawa pana mikolaia wolczkowicza z staniem miticzem opostuszenstwo z gruntu jmenia krajskoho na czornom ruczy” 2. АВАК, том 36, ст.49 і 72 3. РГИА. фонд 1350, опись 312, дело 89. Экономические примечания к Межевому атласу Минской губернии 1800 г. Вилейский уезд.
(працяг) Цяглыя грунты вёсак паловы Збаражскіх паводле інвентара 1593 года Звернемся да інвентара 1593 года, часткі Крайска, якая належала князям Збаражскім. У ім згадваецца што на Чорным Ручаі было дзьве з трох дворных раль – адна пад Бабрамі, другая пад Хажаямі. У тым жа інвентары згадваюцца вёскі Цюнкі, Насоўнікі, Церахі, Пруднікі, Хажаі, Чарнаруча, Сморкава, Дудзічы, Харковічы і Грыневічы. Агулам 20 цяглых служаб і з іх толькі 12,25 населеных, астатнія “пустаўшчызны”. -- “Харковичи” мела 4 службы, 17 хат і 59 мужчын. Сучасная вёска Харкі, пазней уваходзіла ў маёнтак Крайск -- “Гриневичи” мела 3,5 службы, частка сучаснай вёскі Грыневічы. Пазней уваходзіла ў маёнтак Грыневічы. -- “Тюнки” мела 1,5 служб, 7 хат і 18 мужчын. Пазней не згадвалася -- “Насовники” мела 1,5 службы, 1 ці 2 хаты, 2 мужчын. Пазней не згадвалася -- “Терехи” мела 1,5 службы, 8 хат і 17 мужчын. Пазней не згадвалася. Аднак прозвішча Церах было распаўсюджана у маёнтку Чарнаруча ў 18-19 ст. З улікам яе верагоднай блізасці да сяла “Прудники” магла знаходзіцца недзе ў раёне вёскі Маразы ці трошкі на ўсход яе, дзе ў 18-19 ст. быў фальварк “Алексеевщина” -- “Прудники”, мела 2 службы, 4 хаты і 15 мужчын. Размяшчалася верагодна недалёк ад вёскі Церахі, т.я. яе пустаўшчызну прыняў “Грин Терехович з сынами” з вёскі “Терехи”. Вёска Пруднікі праіснавала да 19 ст., і лёгка лакалізуецца. Яна была размешчана недзе ў 1,5 км на паўднёвы усход ад вёскі Маразы. Непадалек ад яе знаходзіўся засценак Гапонава, вядомы з пач. 17 ст. Вёскі Пруднікі і засценак Гапонава, адносіліся да маёнтка Крайск. -- “Хожаи” мела 1,25 службы, 4 ці 5 хат, 12 мужчын. Пад Хажаямі як раз размяшчалася адна з дваровых раль на Чорным Ручаі. У 17 ст. уваходзіла ў фальварк Чарнаруча. -- “Чарноручи” мела 2,75 службы, 5 хат і 16 мужчын. Нягледзячы на памеры грунтоў, яна была мала населена. Разам з Хажаямі была прыкладна тых жа памераў што і вёска “Харковичи”. І Хажаі і Чарнаруча хутчэй за ўсё знаходзіліся побач, але невядома на якім баку рэчкі Чарнаруча. -- “Сморкова” мела 1 службу, 4 хаты і 9 мужчын. Верагодна частка сучаснай вёскі Пабядзіцель, недалёка ад Харкавіч. Іншая частка ўваходзіла ў маёнтак Юнцавічы. Верагодна менавіта гэтая частка пазней належала Слізням. -- “Дудичи” мела 0,5 службы, 1 хату і 2 мужчын. Пазней не згадваецца. Лакалізаваць не магчыма, але ўлічваючы яе памеры, гэты быў нейкі хутар і мог проста знікнуць. -- “пустаўшчызна Пилатовщина” на рэчцы Кабылянка (на поўнач ад в. Забалацце), мела 0,5 службы. На яе месцы пазней узнік засценак Кабылянка З усіх згаданых вёсак у фальварк Чарнаруча маглі ўвайсці вёскі якія пасля не згадваліся ў 1600-1602 гадах. Гэта “Тюнки”, “Насовники”, “Терехи”, “Хожаи”, “Чарноручи” і “Дудичи”. З чаго вынікае што грунты фальварка размяшчаліся на “палове” князёў Збаражскіх. У 1593 годзе ў іх разам было 9 цяглых служаб, 26-28 хат і 67 мужчын. Гэтая частка па памерах і насельніцтву складала крыху менш за палову ад усіх “цяглых” грунтоў. Таму хутчэй за ўсё ў фальварк Чарнаруча ўвайшлі ня ўсе з іх, але з дакладнай ўпэненасцю можна лічыць што “Терехи”, “Хожаи” і “Чарноручи” увайшлі ў склад фальварка. "панцырныя баяры" У 1-й чверці 17 ст. згадваецца некалькі сёл дзе жылі і “панцырныя баяры”. -- 1-я сяло Бабры, пад імі размяшчалася адна з дваровых раль на Чорным Ручаі (1593 год). Як вядома з падзелу 1602 года, у ім жылі баяры Пятрашкі, якія былі баярамі Ядвігі Насілоўскай. Частка грунтоў сяла ў 1602 годзе адышла да сяла Баярскага, а іншай пазней згадваецца як сяло ў фальварку Чарнаруча. Арыентавана яно знаходзлася каля Чорнага Ручая, але межавала пры гэтым з сялом Баярскае. Падобна на тое што яно знаходзілася недзе ў межах сучаснай вёскі Маразы. -- 2-е сяло Баярскае, уваходзіла ў маёнтак Крайск і да фальварка Чарнаруча ніякага дачынення ня мела. Склад яго насельніцтва і памеры былі апісаны вышэй. Па ўсёй верагоднасці сяло засялілі пасля 1593 года, бо некаторыя пералічаныя ў яго баяры з часткі Насілоўскай, некаторыя з часткі Збаражскіх, а некаторыя ўвогуле не згадваюцца сярод панцырных баяр ў інвентарах 1590 і 1593 гадоў. Само сяло даволі легка лакалізаваць. Згодна апісанням, адна яго бакавая сцяна (паўднёвая) мяжавала з грунтамі маёнтка Стайкі, а другая яго бакавая сцяна (паўночная) мяжавала з грунтамі сяла Бабры, якое было недзе недалёк ад Чорнага Ручая. Усходняя мяжа яго даходзіла недзе да грунтоў Пруднікаў і Гапонава, а заходняя, па ўсёй верагоднасці межавала з грунтамі баяр сяла Альковічы. Само сяло пасля 17 стагодзя знікла. -- 3-я сяло Альковічы, згадваецца з 1618 года. Вядома што яно межавала з грунтамі маёнткаў Стайкі і Юнцавічы. Да Чарнаруча адносіліся яго баярскія грунты (1623 год), верагодна некаторыя цяглыя грунты адносіліся да маёнтка Юнцавічы (1640-я гады). Сама назва верагодна паходзіць ад прозвішча панцырных баяр “Олковичи”, якія належалі да паловы князёў Збаражскіх. І хутчэй за ўсё менавіта тут яны і жылі ў 1593 годзе. Ніжэй разбяром баяр са спісу інвентара 1593 года, якія адносіліся да паловы Збаражскіх. Панцырных баяры паловы Збаражскіх паводле інвентара 1593 года 1-я служба: “Петр Головня, 1 конь”. У 1600 годзе трымаў тры валокі зямлі ў сяле Забалацце, якія атрымаў ад пана Яраша Мікалаевіча Воўчка. Як асабісты служэбнік Яраша, а пасля яго сына Мікалая, “вёў” іх судовыя справы. 2-я служба: “Яско и Роман Жоровичи, 1 конь”. Абодва згадваюцца ў падзеях 1582 года. Ян Жаровіч 1.04.1582 быў збіты і абрабаваны панамі Чарнаруцкімі, а Раман Жаровіч быў збіты і абрабаваны 22.06.1582 паданымі Ядвігі Насілоўскай. Абодва былі шляхцічамі. 22.01.1605 верагодна іх родзіч “Лукаш Жорович” атрымаў ад Яна Кемеша і гестэры Воўчкаўны 2 валокі ў засценку Гапонава каля сяла Баярскага і Пруднікі. Нашчадак Лукаша, “Ян Жорович”, пасля судзіўся ў 1646 годзе за гэтыя грунты з панам Крыштафам Кенсоўскім, тагачасным застаўніком маёнтка Крайск. І Лукаш і Ян Жаровічы былі вознымі менскага ваяводства. Цікава што “Жоровович” згадваецца сярод прыхаджан Альковіцкага касцёла. У 1853 годзе жылі ў засценку Журавы, прыкладна там жа дзе існаваў засценак Гапонава. 3-я служба: “Мартин, Давид и Петр Филиповичи, 1 конь”. Месца жыхарства не лакалізована, па ўсёй верагоднасці маглі пасля пражываць на тэрыторыі фальварка Чарнаруча. 4-я служба: “Мартин и Васко Ивковичи, 1 конь”. Верагодна жылі ў засценку Ільковічы, згаданым ў 1623 годзе, у складзе фальварка Чарнаруча. 5-я служба: “Максим Волынец, Мартин Белович и Ивашко Пилипович, 1 конь”. З іх толькі “Ивашко Пилипович” лакалізуецца ў 1602 годзе як жыхар сяла Баярскага. Па ўсёй верагоднасці ён туды перасяліўся пасля 1593 года. Что тычыцца “Мартин Беловича” то верагодна ён родзіч Пятра Белага збітага і абрабаванага 1.04.1582 панамі Чарнаруцкімі. Месца жыхарства не лакалізавана, але па ўсёй верагоднасці мог жыць ў фальварку Чарнаруча. 6-я служба: “Павел, Матыс Ждан, Мартин, Пётр, Ян, Ёзуф Олковичи, 1 конь”. З гэтых згаданых 6 ці 7 баяр верагодна трое пасля жылі ў сяле Баярскім – “Пётр Олкович”, які ў 1602 адышоў Адаму Ванькевічу, “Ян Олкович с сыном Мартыном”, які адышоў пану Мікалаю Лаўрэнавічу Воўчку і чыясці ўдава “Ганна Олковна”, якая адышла пану Станіславу Млажэўскаму. Што тычыцца астатніх трох-чатырох то паўсёй верагоднасці яны засталіся жыць у самім сяле Альковічы. Крыніцы: 1. АВАК, 33 том, ст.129-132 2. AGAD 354-10-658 3. НГАБ 1702-1-11
(працяг) Храналогія падзей з 1590-х па 1643 гады.1. Яраш Мікалаевіч Воўчак здае ў заставу фальварк Чарнаруча свайму швагру пану Станіславу Рудзінскаму і яго жонцы Дароце Мікалаеўне Воўчак. 2. Пасля смерці Яраша, яго сын Мікалай Воўчак, у 1600 годзе застаўляе фальварк за 1200 (?) коп грошай літоўскіх пану Крыштафу Віцкаму 3. Пасля Крыштаў Віцкі уступае ў шлюб з Марынай Мамонічаўнай Ярашавай Воўчкавай і праз нейкі час перапісвае на яе тыя 1200 коп грошай што былі запісаны на фальварк Чарнаруча. 4. 2.12.1623 Марына Мамонічаўна Крыштафава Віцкая адлучае ад фальварка Чарнаруча вёскі Бабры, Хажаі, баяр у сяле Альковічы і засценкі Чарнаруча і Ільковічы і застаўляе іх за 400 коп грошай літоўскіх пану Яну Свалынскаму і яго жонцы Зафіі Тамковічаўне. Як запісана ў судовай справе 1723 года, калі яна ставіла гэта ў заставу, то запісала што Мікалай Воўчак ставіў гэта ў заставу яе нябожчыку мужу Крыштафу Віцкаму, а той перапісаў на яе. Сей запіс быў актыкаваны 5.12.1623 у земскім мінскім судзе на рускай мове. Верагодна ў другой (большай) частцы застаўся сам фальварк Чарнаруча з сялом Чарнаруча і нейкімі прыселкамі (Цюнкі, Церахі, Насоўнікі, Дудзічы???). Па ўсёй верагоднасці была адлучана толькі паўднёвая частка фальварка Чарнаруча, а паўночная частка пасля апынулася (ці ўжо была) у руках паноў Альшэўскіх. 5. Пасля нейкім чынам фальварк Чарнаруча (ці яго частка) апынуўся ў руках Лукаша Воўчка і ён 16.09.1643 прадае яго разам з грунтамі ў маёнтку Грыневічы і Дзераўно пані Марыне Яцынічаўне Мікалаевай Вяжэвічава. Пры гэтым сам фальварк Чарнаруча на той момант быў у заставе паноў Альшэўскіх (за 900 коп грошай). Таму не зразумела ці прадаў Лукаш Воўчак тое што застаўлялася пану Свалынскаму ў 1623 годзе, ці прадаў насамрэч толькі правы на фальварк Чарнаруча, які на той час быў у заставе паноў Альшэўскіх. У выніку мы маем што сам фальварк сфарміраваўся абапал Чорнага Ручая, на землях якія належалі князям Збаражскім, з верагодным далучэнням да яго грунтоў з долі Ядвігі Насілоўскай (сяло Бабры). І гэтае аб’яднанне верагодна адбылося ўжо пры Воўчках. Першапачаткова ў фальварк уваходзілі сёлы Чарнаруча, Альковічы, Хажаі, Бабры і нейкія прыселкі, накшталт засценкаў Ільковічы і Чарнаруча. Ніжэй мапа прыкладнага размяшчэня грунтоў розных маёнткаў у 1-й пал. 17 ст. -- сінімі лічбамі пазначаны грунты маёнтка Крайск: Крайск (1), Кабыле (2), Пруднікі (3), Баяры (4), Забалацце (5), Харкавічы (6) -- зялёнымі лічбамі пазначаны грунты маёнтка Юнцавічы: Юцнавічы (1), Ракшыцы (2), Сморкава (3) -- аранжавымі лічбамі пазначаны грунты маёнтка Стайкі: Стайкі (1), Такары і Рушчыцы (2) -- чырвонымі лічбамі пазначаны грунты фальварка Чарнаруча: Чарнаруча і Хажаі (1), Бабры (2), Альковічы (3) Крыніцы: 1. НГАБ 1702-1-11
Заснаванне базыльянскага жаночага Свята-Троіцкага кляштара ў Мінску і далучэнне да яго маёнтка Грыневічы 21.10.1635 Марына Яцынічаўна, удава пісара земскага менскага Мікалая Вяжэвіча, атрымлівае дазвол ад уніяцкага мітрапаліта Вел’яміна Руцкага, на далучэння пляцаў у Мінску да царквы Святой Троіцы, пры якой было вырашана заснаваць жаночы базыльянскі ўніяцкі кляштар. 5.09.1636 гэты запіс быў пацверджаны каралём Уладзіславам IV першым 10 “законіцам” (г.зн. манашкам) кляштару. Згодна прывілею кляштар вызваляўся ад юрысдыкцыі (падпарадкавання) свецкага, земскага, замкавага (гродскага) і месцкага ўрадаў горада Менска. У той жа дзень яна ўнесла вялікі фундуш на будаўніцтва самаго кляштара. А пакуль яго не пабудавалі манашкі “жылі” пры самой Свята-Троіцкай царкве. З гэтага часу і да самай сваёй смерці Марына Вяжэвічавая была галоўным калятарам і патронам гэтага кляштару і выступала ва ўсіх судовых справах разам з “старшой” (ігуменяй) і вікарыяй кляштара. Першай “старшой” кляштара стала Алімпіяда Мамонічаўна (да 21.10.1637 – пасля 07.08.1640). Па ўсёй верагоднасці блізкая сваячніца Марыны Мамонічаўны. Другой “старшой” кляштара была Еўфрузына Яцынічаўна (да 02.01.1641 – пасля 05.06.1643). Па ўсёй верагоднасці блізкая сваяка самой фундатаркі Марыны Вяжэвічавай. Трэцяй “старшой” кляштара стала Марыанна Віцкая (да 25.11.1645 – пасля 12.01.1688), а яе сястра Схаластыка Віцкая стала вікарыяй кляштара – абедзьве дочкі Марыны Мамонічаўны і Крыштафа Віцкага. Менавіта пры іх адбылася значная падзея – 4.12.1645 Марына Яцынічаўна Мікалаева Вяжэвічава пісарава земская мінская запісала ў фундуш кляштару на вечнасць маёнтак Грыневічы з фальваркамі Чарнаруча і Дзераўнін, набыты раней у Лукаша і Юрыя Воўчкаў і Юдыты Віцкай Янава Лашэўскай, з поўным правам ім распараджацца. Манашкі маглі ў далейшым яго як заставіць так і прадаць. Сам фундуш быў “актыкаваны” 5.12 (ці 6.12) у Мінску на Галоўным Трыбунале ВКЛ. Але насамрэч і маёнтак Грыневічы і яго фальваркі на той час былі ўжо ў заставе розных паноў – Станскай, Альшэўскіх і Пешука, на агульную суму ў 2 700 коп грошай літоўскіх, і пазней па дамове з манашкамі быў выкуплены панам Гілярыушам Мінтаўт Чыжом. Крыніцы: 1. Артыкул Ф.В. Чарняўскага: “Мікалай Вяжэвіч – пісар земскі Менскага ваяводства”. 2. НГАБ 1702-1-11
А пару посто выше вы убежденно писали, что Черноручье основал Волчек...видимо мое замечание заставило вас глянуть Литовские метрики
Перачытайце што я напісаў))) я як раз ведаў аб чым казаў раней і як раз меў на ўвазе гэьыя інвентары Па-першае, вы сцвярджалі што Чарнаруча належала НАСІЛОЎСКАЙ і яе сыну, але як Чарнаруча мог ёй належыць калі асноўны зямельным фонд фальварка належаў ЗБАРАЖСКІМ? за выключэннем напэўна Баброў ну і можа якіх небудзь яшчэ грунтоў. Насілоўская 2.11.1590 аддала сваю частку (НЕ ГЭТУЮ дзе узнік фальварк Чарнаруча) свайму сыну Осіцку і ўсё яна БОЛЬШ ТУТ НЕ ЖЫЛА і ніякага дачыненне ДА ГЭТАГА МАЁНТКА НЯ МЕЛА. Яе сын Ян Осцік толькі 03.07.1593 КУПЛЯЕ гэтыя землі на якіх ПАСЛЯ быў фальварк Чарнаруча у ЗБАРАЖСКІХ Па-другое, у самім інвентары 1593 ніякага дадатковага фальврка пры продажы не згадваецца!. Толькі КРАЙСК, ці вы думаеце яго вырашылі проста не ўпамянуць? вёскі згадалі, а фальварк не? І дворные ралі самого Крайскага двара чамусці былі на Чорным Ручаі, ну і разумова ў інвентары 1590 таксам няма рэчы пра фальварк Чарнаруча. Можа таму што яго не было? Па-трэцяе, можа вы зараз скажаце што яго паны Чарнаруцкія заснавалі? у якіх была свая сядзіба? алеж Чарнаруцкія тут жылі і пасля згадкі пра сам фальварк Чарнаруча і да яго не адносіліся, вось іх грунты маглі пасля увайсці ў сам фальварк У выніку -- фальварк Чарнаруча згадваецца ўжо толькі як маёмасць Яраша Мікалаевіча Воўчка, як ён, а пасля яго сын застаўлялі Рудзінскім, пасля Віцкаму. Можа калі ен набыў ў Осціка гэтыя землі і заснаваў сам фальварк, не? тым больш як пасля бьачна ў ім былі і Бабры з часткі Насілоўскай, шт огаворыць аб нейкім аб'яднанні На ўсякі выпадак, бо вы дрэна ўспрымаецца нават тое што я пішу, чытаючы праз страку. Карацей Фальварк Чарнаручаяк пабудава, як адмін адзінка не існавала у 1593 годзе. Ян Осцік наўрадці пабудаваў яго, і наўрадці ен увогуле асабіста доўга трымаў гэтыя землі, я не здзіўлюся калі знойдзецца дакумент аб продажы ужо ў тым жа 1593 годзе гэтых грунтоў пану Ярашу Воўчку. А вось Яраш Воўчак капітальна падышоў да новых уладанняў. Ен як мінімум заснаваў фальварк Грыневічы, які пасля пераўтварыўся ў панскі двор. Правёў валочную памеру і паўсёй верагоднасці заснаваў і Чарнаруча, бо ў гэтым як раз і быў сэнс, і пасля адлучыў яго ад Крайска і здаў у заставу Але я думаю для вас гэта не довад, бо усё роўна па вашаму будзе што фальварк Чарнаруча належаў НАСІЛОЎСКАЙ а пасля яе сыну, бо ў вас "ёсць дакументы") і вы уж прабачце гэтыя інвентары не з Літоўскіх Метрык а АВАК, а ў АВАК яны патрапілі з іншых крыніц6 1) інвентар 1590 з кніг замкавага менскага суда (1784 год), 2) інвентар 1593 адтуль жа. І яны дарэчы даўно ужо гуляюць на прасторах інтернета
Маёнтак Грыневічы ў 2-й палове 17 стагодзя Гілярыуш Мінтаўт Чыж Атрымаўшы ва ўласнасць маёнтак Грыневічы з фальваркамі Дзераўно і Чарнаруча, аднак не маючы сродак каб іх выкупіць з заставы, манашкі заключылі 8.11.1647 дамову з падкаморыем віленскім Гілярыушам Мінтаўт Чыжом і яго жонкай Барбарай Жахоўскай (ці Жухоўскай). Згодна дамове Гілярыуш Мінтаўт Чыж абяцаў выкупіць згаданы маёнтак разам з яго фальваркамі ў тагачасных застаўнікоў і пасля трымаць самому яго ў заставе, але пры гэтым ён абавязаўся кожны год выплочваць на карысць кляштару па 250 злот польскіх (ці 100 коп грошай літоўскіх), 10 бочак жыта, 6 бочак соладу і 2 бочкі солі. На той час маёнтак Грыневічы быў у закладзе за 1160 коп грошай літоўскіх у Кацярыны Зяновічаўны Севярынавай Станскай*, фальварк Дзераўно быў у закладзе за 640 коп грошай літоўскіх у пана Давіда Пешука (ці Пешкі/Пушка, сустракаў розныя формы напісання), а фальварк Чарнаруча быў у закладзе за 900 коп грошай літоўскіх у паноў Яна і Станіслава Валерыянавічаў Альшэўскіх**. Невядома калі дакладна Гілярыуш Мінтаўт Чыж выканаў дамову і выкупіў з заставы вышэйзгаданыя фальваркі, але яшчэ 20.11.1649 у менскім замкавым судзе разбіралася справа паміж манашкамі і Янам Казімірам Альшэўскім. Альшэўскі своечасова не аддаў 13 бочак усякага жыта і таму суд абавязаў яго аддаць жыта да 2.02.1650. Па ўсёй верагоднасці Альшэўскія яшчэ тады трымалі фальварк Чарнаруча*** і павіны былі штогод нешта сплочваць манашкам, накшталт таго што павінен быў сплочваць Мінтаўт Чыж згодна яго дамове ад 8.11.1647. Калі падышоў тэрмін заставы (як правіла такія дамовы заключаліся на тры гады), паміж Гілярыушам Мінтаўтам Чыжом і манашкамі была заключана новая дамова. На гэты раз 13.11.1650 падкаморы віленскі нібы набывае на вечнасць ў базыльянак праз панен Марыану і Схаластыку Віцкіх маёнтак Грыневічы з фальваркамі Дзераўнін і Чарнаруча за 20 тысяч злотых (8 000 коп грошай літоўскіх). За такую ж суму ў свой час гэтыя фальваркі нібы былі набыты пісаравай земскай Марынай Вяжэвічавай. У гэтую суму увайшлі і тыя грошы якія Чыж выплаціў застаўнікам Станскай, Пешуку і Альшэўскім. Менавіта гэтая дамова****, якая канчаткова была адменена толькі праз 73 гады, і паклала пачатак супрацістаяння паміж Чыжамі і манашкамі за права валоданнем маёнткам Грыневічы. Далей падзеі разгортваліся наступным чынам. Па адной з версій Гілярыуш Чыж выплаціў не ўсю суму і застаўся вінен манашкам 5 000 злотых польскіх, па іншай версіі ён гэтую суму ў іх пазычаў пасля і за гэта 3.01.1653 перадаў ім у заставу фальварк Дзераўно. Так ці інакш але факт перадачы адбыўся і быў складзены інвентар фальварка Дзераўно. Сам акт перадачы разам з інвентаром упісалі ў кнігі замкавага менскага суда толькі 20.09.1669 (прычыны такога спазнення не былі згаданы). Згодна той новай дамове Чыжы абавязаліся вярнуць тую суму ў 5 тысяч злотых або манашкам, або тым ліцам на якіх яны самі перавядуць. Аднак пазней манашкі аспрэчвалі і гэтую дамову. Насамрэч тады фактычна адбыўся часовы падзел маёнтка Грыневічы, ад якога на доўгі час быў адлучан фальварк Дзераўно. Такім чынам маёнтак Грыневічы з фальваркам Чарнаруча апынуліся ў руках Чыжоў, а фальварк Дзераўно застаўся ў руках манашак (нібы ў якасці заставы). Паколькі тая дамова ад 1650 года не была актыкавана (не зацверджана) у судзе, маёнтак Грыневічы фармальна лічыўся ва ўласнасці базыльянак мінскіх. Таму калі яны мелі свае судовыя разборы з панам Адамам Корсакам, то Галоўны Трыбунал Літоўскі яшчэ 19.10.1650 наклаў на маёнтак Грыневічы 2005 злот польскіх у якасць навязкі (штрафу). Пасля гэта 2.05.1653 пан Корсак разам з войскім і судзёй замкавым менскім Фёдарам Валадковічам прыехалі да маёнтка Грыневічы, каб спагнаць суму, але Барбара Жахоўская, жонка Гілярыуша Мінтаўт Чыжа, забараніла рабіць ім гэта. Таму ў выніку новага суда на маёнтак Грыневічы наклалі яшчэ больш штраф на суму ў 8 025 злотых польскіх. З-за пачаўшайся вайны з Масквою і акупацыяй большай часткі ВКЛ усе судовыя разборы прыпыніліся. Ужо толькі ў пачатку 1660-х, пасля вызвалення Мінска, стасункі паміж Гілярыушам Мінтаўт Чыжом і Марыанай Віцкай узнавіліся. 24.12.1662 пан падкаморы віленскі напісаў прыватны ліст да Марыаны Віцкай у якім нібы выказаў гатоўнасць прыняць грошы за Грыневічы, Чарнаруча і Дзераўно. У гэтым жа лісце Марыана Віцкая скардзілася што з Дзераўніна няма ніякага прыбытку, на што падкаморы віленскі адказаў што пана Віцкая была раней “wieczniczkа” (г. зн. за дзедзічам) таго Дзераўніна, таму яна ведала а яго прыбытках і сама тую маемасць узяла ў заставу*****. 24.04.1663 у дзень Святога Юрыя манашкі прадставілі ў Менску ўсю суму ў 6750 злотых польскіх (ці 2 700 коп грошай літоўскіх) за ўсе тры фальварка – Грыневічы, Чарнаруча і Дзераўно. Аднак пасля Гілярыуш Мінтаўт Чыж нібы адмовіўся іх прыняць, на гэтым тады справа і скончылася. Хутка пасля гэтага Гілярыуш памірае і яго спадчына перайшла да яго сына Казіміра. * жонка Севярына Станскага, іх нашчадкі Станскія трымалі маёнтак Заполе (ці Асінцы) да 1824 года. ** іх бацька Валерыян Альшэўскі згадваўся ў 1616-1636 гады ў справах якія тычыліся маёнтка Крайск. Ён жа ў 1636 годзе прывозіў у Менскі суд “таксоўны” ліст аб падзеле 1602 года маёнтка Крайск. Калі дакладна ён атрымаў у заставу фальварк Чарнаруча невядома. *** у справе ўвогуле ніякага фальварка не згадана, таму нельга дакладна сцвярджаць ці тычылася гэта фальварка Чарнаруча **** увогуле больш падобна што гэтая дамова была падробкай, падрабязней пра яе апішу ў артыкуле прысвечанаму самаму судоваму разбору 1723 года. ***** гэты прыватны ліст быў “актыкаваны” у менскім замкавым судзе
Казімір Мінтаўт Чыж Набыццё маёнтка Крайск (1665 год)Як ужо згадваў раней у свой час Януш Кішка скупіў у Воўчкаў іх долі маёнтка Крайск і 04.1625 заставіў яго за 20 тысяч злотых польскіх пану Юрыю Календзе. Праз 9 гадоў (26.08.1634), калі яшчэ Календа трымаў у заставе Крайск, Януш Кішка прадае на вечнасць гэты маёнтак земяніну ваяводства віленскага пану Андрыянаві Серафіновічаву Церлікоўскаму за 35 тысяч злотых польскіх. Пан Церлікоўскі так і не выкупіўшы тую заставу памірае, і яго спадчына перайшла да яго сына Міхаіла. Ад Міхаіла Церлікоўскага правы на маёнтак Крайск перайшлі да яго пляменніка пана Станіслава Акмінскага. А ўжо пан Акмінскі 22.05.1653 прадаў гэты маёнтак на вечнасць падчашаму ашмянскаму пану Стэфану Беліковічу. Сам Беліковіч 24.06.1653 выкупае маёнтак Крайск за 20 тысяч злотых польскіх з заставы ў Крыштафа Войцахавіча Кенсноўскага і яго жонкі Барбары Наталіі Календзянкі, дачкі Юрыя Календы. Такім чынам фактычным уладальнікамі Крайска на працягу 28 год (1625-1653) былі застаўнікі Юры Календа, а пасля яго зяць Крыштаф Кенсноўскі, а паны Церлікоўскія і Акмінскі “трымалі” толькі правы на гэты маёнтак, але фактычнага ўступа ў яго ня мелі. На той час у маёнтак Крайск уваходзілі Крайск, Забалацце, Харковічы (ці Харкі), Баяры (ці Баярскае), частка Хадакоў (другая частка была ў Яноўскіх) і неназваныя розныя прысёлкі (накшталт Пруднікаў). 29.09.1664 пан Беліковіч выдзяліў з усяго гэтага вёску Хадакі і перадаў яе на тры гады ў заставу за 600 злотых польскіх паненкам Марыане і Схаластыкі Віцкім. Пры перадачы заставы быў складзены інвентар Хадакоў і “інтрамесійны ліст” (увод ва ўладанне з апісаннем межаў). Гэты ліст як сведка падпісаў і пан Казімір Мінтаўт Чыж. Аднак гэтая дамова была актыкавана ў Мінскім замку толькі 16.01.1672. Хутка Стэфан Беліковіч памірае і 12.03.1665 яго удава Аляксандра Корсакаўна, ад свайго імя і імя іх сына Феліцыяна, прадае гэта маёнтак Крайск разам з усімі згаданымі сёламі пану Казіміру Мінтаўту Чыжу за 18 тысяч злотых польскіх*. Калі Казімір набыў гэты маёнтак ён падцвердзіў манашкам гэтае застаўное права на вёску Хадакі і пасля прадліў яе ў 1668 годзе яшчэ на тры гады. Акрамя таго Казімір Мінтаўт Чыж 24.06.1665 за 1 тысячу капу грошай літоўскіх (ці 2 500 злотых польскіх) здаў у заставу пані Зафіі Беліковічаўне Камароўцы фальварк Чарнаруча. З гэтага часу фальварк Чарнаруча верагодна безперарыўна знаходзіўся ў заставе ажно да пачатку 18 стагодзя і фактычна прамога ўступу да яго Чыжы ўжо ня мелі. Праз некалькі гадоў пасля гэтага паміж базыльянкам і Чыжамі пачаліся новыя судовыя разборы. “Мітрапалітанскі суд” (1672 год)У 1671 годзе манашкі падалі скаргу ў Галоўны Трыбунал Літоўскі на ўдаву Барбару Жахоўскую і яе сына Казіміра Гілярыушавіча Мінтаўт Чыжа. Яны патрабавалі вярнуць ім іх маёнтак Грыневічы разам з фальваркамі Дзераўно і Чарнаруча, так як Мінтаўт Чыжы нібы парушылі дамову і нічога з 1647 года так ім не выплацілі – ні грошай ні жыта, ні соладу, ні солі. Акрамя таго яны нібы не давалі выкупіць назад і самі фальваркі. У выніку суд 14.11.1671 выняс “рэмісійный” (г.зн. адтэрміноўчы) дэкрэт і перанёс справу ў земскі менскі суд. У сваю чаргу земскі менскі суд 14.01.1672 выняс такі жа “рэмісійны” дэкрэт і ў выніку справу “па абаюднай” згодзе перанеслі ў духоўны суд. У выніку 19.01.1672 адбыўся “мітрапалітанскі суд” пры пасрэдніцтве самаго ўніяцкага мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і ўсёй Русі Габрыеля Календы. У выніку судовага разбору было вырашана: -- прызнаць маёнтак Грыневічы і фальварк Чарнаруча за Чыжамі -- Казімір Мінтаўт Чыж каб вярнуць фальварк Дзераўнін павінен выплаціць манашкам за яго 5 тысяч злотых на дзень на Святога Яна Хрысціцеля Рымскага (24.06) -- тое ж самае і тычылася вёскі Хадакоў, за якую Казімір Мінтаўт Чыж павінен быў вярнуць манашкам 600 злот польскіх на дзень Святога Юрыя (24.04) -- акрамя таго базыльянкі трымалі ў закладзе рознае “срэбра”, якое захоўвалася пры царкве Святога Духа ў Мінску і за якое Чыжы павіны былі вярнуць 300 злот польскіх на той жа дзень Святога Юрыя (24.04) -- усе выплаты павіны былі быць праведзены ў тым жа 1672 годзе і пасля гэтага манашкі павіны былі аддаць пану Казіміру Чыжу фальварак Дзераўнін і вёску Хадакі, не рабіць ніякіх ім перашкод у згаданых маёмасцях і вярнуць срэбра і справы, якія заставаліся на руках у панен Віцкіх (куплі, продажы і іншыя дамовы). Верагодна бызыльянкі былі не задаволены такім рашэннем і таму ўжо 20.02.1672 ўчынілі пратэстацыю гэтаму мітрапалітанскаму дэкрэту ў менскі замкавы суд. У той жа час Казімір Мінтаўт Чыж праз пасрэдніка ксяндза Юзафа Бражыца старшага мінскай рэгулы святога Базылія пры царкве Святой Троіцы на дзень Святога Юрыя (24.04) унёс толькі 600 злот польскіх за вёску Хадакі і атрымаў ад яго на гэтую суму распіску. Акрамя таго ксёндз Бражыц напісаў Крайскаму пратапопу (протаіерэю) каб ён увёў пана Чыжа ў “фальварк Хадакі”. Пасля гэтага Казімір адабраў у базыльянак Хадакі і перадаў яго адразу ў заставу пану Валерыяну Кірыку, уладальніку маёнтка Сушкава. Па ўсёй верагоднасці гэтыя грошы базыльянкі не атрымалі і таму 2.05.1672 яны падалі ў замкавы менскі суд і скаргу на Валерыяна Кірыка на незаконнае трыманне “іх Хадакоў”. Дарэчы з-за гэтага адабраня манашкі пацярпелі і іншыя страты. У Хадаках жыў іх пастух Мініч, які даглядаў іх фальваркавы скот. І з-за таго што ён быў адабраны Чыжамі ад недагляду памерла 10 іх кароў. Другую частку сумы ў 5 тысяч злотых за фальварк Дзераўнін Казімір Мінтаўт Чыж так і ня выплаціў, і таму 24.06.1672 манашкі падалі чарговую скаргу. У выніку манашкі замацавалі за сабой толькі фальварк Дзераўно. У той жа час вёска Хадакі ў складзе маёнтка Крайск засталася за Чыжамі, але манашкі з гэтым не змірыліся і працягвалі і далей безпаспяхова аспрэчваць на яе правы**. Адначасова манашкі працягвалі і сваю барацьбу і за сам маёнтак Грыневічы. 14.01.1673 быў выдадзены “кантумацыйны” дэкрэт на маёнтак Грыневічы. Паводле яго 20.02.1673 судзя земскі Менскі пан Станіслаў Свірскі прыязджаў да маёнтка Грыневічы, але мясцовы грыневіцкі ўраднік пан Станевіч “вусна абараніў” маёнтак ад прэтэнзій манашак і не даў выканаць “exekucya” (г. зн. выкананне прыгавору) на Грыневічы. Выгнанне манашак з іх кляштара (1676-1685)З таго што базыльянкі мінскія не прынялі дэкрэт “мітрапалітанска суда” і працягвалі аспрэчваць свае правы на маёнтак Грыневічы ў “свецкіх” судах, новы уніяцкі мітрапаліт Цыпрыян Жухоўскі (родны дзядзька Казіміра Мінтаўт Чыжа) “разлаваўся на базыльянак” і 6.01.1676 асудзіў іх на выгнанне з самога іх менскага кляштара. Дзеля гэтага ён адрадзіў чатырох святароў, якія прыбылі ў Мінск і “адабралі” кляштар і царкву ў базыльянак, у выніку чаго яны былі вымушаны часова шукаць прытулак у панен бенедыктынак мінскіх. Па гэтай справе пасля адбыўся “nuncyaturski” суд (вышэйшы духоўны суд), на якім была прызначана, якая і павіна была разабрацца ў гэтай справе і канчаткова вынясці свой вердыкт а правамоцтве выгнання манашак з іх кляштара, у складзе: -- Казімір Ян Вайшнаровіч канонік і канцлер дыацэзіі віленскай -- Якуб Болеслаўскі, канонік пілтынскі -- Казімір Рафаель Модзолеўскі канонік смоленскі -- Адальберт Оборскі дзекан мінскі -- Ежы Залескі плебан Гаенскі -- Ян Болькевіч плебан Першанскі Колькі засядала гэтая камісія і чым яна скончылася не вядома, бо нібы сам акт камісіі не захаваўся. Аднак 17.01.1685 той жа уніяцкі мітрапаліт Кіпрыян Жахоўскі выдаў манашкам ліст “otworzysty” (вяртання) да свайго кляштару, па якім ім вяртаў іх маёмасць. Дарэчы ў Чарняўскага ў яго артыкуле згадваецца што кляштарскія пляцы былі ў свой час захоплены Чыжамі: “У 1708 г. высветлілася, што паперы на гэтыя пляцы, якія раней знаходзіліся на захаванні ў Тэклі Валадковічаўны, старэйшай жаночага менскага кляштара Святога Базыля Вялікага, былі забраны пад час рабунку кляштара, а пляцы аказаліся ў валоданні новых гаспадароў, менавіта ў Хіларыя Чыжа, падкаморыя віленскага, і яго сына Казіміра. Новыя гаспадары адмовіліся вяртаць пляцы іх сапраўдным гаспадарам”***. Пасля гэтага судовыя спрэчкі за маёнтак Грыневічы паміж манашкамі і Чыжамі нібы прыпыніліся, і пасля аднавіліся ўжо пасля смерці Казіміра Мінтаўт Чыжа. Падсумуючы вышэйсказанае, можна зрабіць наступныя вынікі: 1) недзе ў 1647 годзе маёнтак Грыневічы з фальваркамі Дзераўно і Чарнаруча апынуласяў руках Мінтаўт Чыжоў (у судовай справе 1723 далік запазычанасці Чыжоў перад манашкамі адлічваўся менавіта з гэтага года). 2) Пасля ў 1653 годзе яны “адлучылі” фальварк Дзераўно і перадалі яго манашкам. Нягледзячы на супраціў базыльянак, гэты падзел быў зацверджан “мітрапалітанскім судом” ў 1672 годзе****. 3) У выніку ў падымным рэестры менскага павета 1674 года, Крайск і Грыневічы пазначаны за Чыжом (84 “дыма”)*****, а Дзераўно за манашкамі (10 “дымоў” разам з пляцам у Мінску). У долю Чыжа верагодна ўваходзіў і фальварк Чарнаруча, як частка маёнтка Грыневічы, але нейкія часткі, якія пазней верагодна таксама ўвайшлі ў склад фальварка, згадваюцца асобна: -- Чарнаруча Аўсянікі, уласнасць оберлейтэнанта Гейштада(?), 3 “дыма” -- Альковічы, уласнасць пана Хрыстоўскага, 1 “дым” * верагодна пад часа вайны з Масквой, маёнтак панёс страты, таму і упаў кошт самаго маёнтка амаль у два разы. ** 9.09.1673 быў складзены “кантумацыйны” дэкрэт на паноў Чыжа і Кірыка з-за вёскі Хадакі *** Артыкул Ф.В. Чарняўскага: “Мікалай Вяжэвіч – пісар земскі Менскага ваяводства”. **** пры гэтым у судовай справе 1678 года паміж кн. Янам Пузынай і “старшой” кляштара Марыяннай Віцкай, Казімір Мінтаўт Чыж называе сябе дзедзічам фальварка Дзераўно ***** Гэтыя 84 “дыма” павіны былі прыпадаць на Крайск, Забалацце, Кабыле, Харкі, частку Хадакоў, Грыневічы, Стрыя, Пруднікі, Баяры і нейкія паселішчы фальварка Чарнаруча (Альковічы і інш.). Крыніцы: 1. НГАБ 1702-1-11 2. АВАК, 15 том, ст.41-42, 52-54, 298 3. Падымны рэестр менскага павета 1674 года
Фальварк Дзераўно у 2-й палове 17-га стагодзя Розныя судовыя справы з уладальнікамі вёскі Хадакі 15.12.1661 старшая кляштару Марыанна Віцкая пазычала 40 злот польскіх пану Томашу Хрызастому Яноўскаму, уладальніку чаткі вёскм Хадакі. Аднак Яноўскі своечасова не вярнуў пазыку і пасля не з’явіўся па позве ў суд, таму 2.06.1663 быў асуджаны Галоўным Трыбуналам Літоўскім да выплаты 145 злотых польскіх. Гэтую суму суд дазволіў манашкам спаганяць з вёскі Хадакі (той часткі якая належала пану Яноўскаму). Недзе да 1669 года Марыанна Віцкая пазычала 6 чвярцей жыта “меры Даўгінаўскай” яшчэ аднаму саўладальніку вёскі Хадакі пану Пятру Станіславу Мадзалеўскаму і яго жонцы Раіне Станкевічаўне. Гэтыя жыта ў выніку паны Мадзалеўскія не вярнулі. Пасля чаго паміж імі пачалі судовыя разборы. У выніку справа дайшла да Галоўнага Трыбунала Літоўскага і 11.06.1670 ён выняс вырак на краысць базыльянк свята-троіцкіх. Паводле выраку паны Мадзалеўскія прыгаварываліся да выплаты 158 злот польскіх, якія “запісалі” на іх частку вёскі Хадакі. Пасля манашкі спрабавалі спгнаць гэтую суму. Аднак Мадзалеўскія аказалі ім супраціў і не дапусцілі да свайго маёнтка. У выніку чаго адбыўся новы суд Галоўнага Трыбунала Літоўскага, які 11.05.1672 прыгаварыў паноў Мадзалеўскіх да “баніцыі” (выгнання). Аднак як бачна з таго ж “падымнага рэестру менскага павету 1674 года” частка Хадакоў* яшчэ лічылася за Пятром Мадзалеўскім, таму па ўсёй верагоднасці “баніцыя” пасля была адменена. Недзе пад час судовага разбору паміж манашкамі і панамі Мадзалеўскімі, на іх менскі кляштар напаў стражнік полацкі пан Грыгоры Сяліцкі. Якія шкоды ён зрабіў невядома, але для абароны ў судзе сваіх інтарэсаў Марыанна Віцкая наняла пана Томаша Яноўскага, з якім судзілася яшчэ ў 1663 годзе. Аднак пан Яноўскі узяўшы грошы за свае паслугі “заваліў” усю справу, у выніку якой пан Грыгоры Сяліцкі быў апраўдан. У выніку манашкі падалі ў суд на самаго пана Яноўскага, за тое што ён “дапусціў нябрэжнае вядзенне справы”. 1.09.1670 гэтую справу разглядаў замкавы менскі суд, 2.02.1671 гэтую справу разглядаў ужо земскі суд. Паколькі пан Яноўскі не з’яўляўся ў суд, справа дайшла да Галоўнага літоўскага Трыбунала, які 12.09.1671 першапачаькова хацеў прыгаварыць яго да смяротнага пакарання, аднак Марыанна Віцкая “папрасіла за яго”, і прыгавор змягчылі да 4-х тыднёвага турэмнага зняволяння у “вежы менскага замку”. Акрамя таго суд прыняўшы довады Марыанна Віцкай аднавіў справу супраць пана Грыгорыя Сяліцкага. Ці адсядзеў свае чатыры тыдня ў замкавай вежы, невядома, аднак Томаш Яноўскі згадваецца ў “падымным рэестру менскага павету 1674 года” як саўладальнік вёскі Хадакі*. Набыццё сялян ў маёнтку Жосна Яшчэ 20.02.1669 Марыанна Віцкая пазычала ўладальніку маёнтка Жосна, пану Міхалу Каралю Францкевічу Радзімінскаму 66 злотых польскіх. А пасля набыла ў яго за 600 злотых польскіх чатырох сялян з яго маёнтка – Стэфана Багародка з сынамі Фёдарам і Васькой, а таксама брата яго жонкі Леона Цімковіча, якіх павіны былі перасяліць у фальварк Дзераўно. Дзеля чаго яны падалі ў суд аб прызнанні самой куплі і доўга пана Францкевіча Разімінскага. 10.03.1673 “енерал” (возны) ваяводства менскага Андрэй Аляхновіч адправіўся ў ашмянскі павет віленскага ваяводства, каб “кінуць позву” (афіцыйна выклікаць у суд) на маёнтак Жосна. У выніку на Галоўны Трыбунал Літоўскі пан Францкевіч Разімінскі не явіўся і суд прыгаварыў яго да выплаты 166 злотых польскіх, а таксама прызнаў куплю вышэйзгаданых чатырох сялян. Што ў выніку сталася з гэтымі сялянамі невядома, аднак ў 2-й палове 18 ст. гэтыя прозвішчы Багародка і Цімкевіч у гэтых мясцінах не згадваліся. Перасяленне сялян з маёнтка Дзвіноса Недзе ў 1677 годзе (ці трошкі раней) у фальварк Дзераўно самавольна перасяліліся са ўсёй сваёй маёмасцю сяляне падчашага упіцкага кн. Яна з Казельска Пузыны. Гэты былі сяляне з вёскі Гараны*** маёнтка Дзвіносы: “Пётр Стрелец”, яго брат Мікіта з жонкаю і дзецьмі Іванам, Сапронам, Мацвеем і Саваю. Паколькі манашкі адмовіліся іх вяртаць, 8.10.1677 суд прыгаварыў манашак да выплату 3 тысяч злотых на карысць кн. Пузыны ці вярнуць сялян з іх маёмасцю. Аднак манашкі не выканалі прысуду і пасля 4.07.1678 на Галоўным Літоўскім Тыбунале былі асуджаны на суму ў 10605 злотых польскіх. Мабыць у выніку ўсёж сяляне былі вернуты, бо ў 2-й палове 18 ст. сялян з прозвішчам Стралец ня значыцца. * згодна падымнага рэестру 1674 года пану Пятру Мадзалеўскаму належала 3 “дыма”, а Томашу Яноўскаму належала 4 “дыма”. У той жа час нейкая частка вёскі Хадакі належала Казіміру Мінтаўту Чыжу і ўваходзіла ў склад маёнтка Крайск, якую ён у 24.04.1674 заставіў пану Валерыяну Кірыку, якому паводле таго ж падымнага рэестру 1674 года належала 6 “дымоў” у вёсках Сушкава і Задроздзе. ** у канцы 18 ст. існавала два маёнтка – Жосна Старая і Жосна Новая. Да маёнтка Жосна Новая адносіліся сёлы Жосна Новая, Кавалі і Бакачы, уласнасць Леснеўскіх. Да маёнтка Жосна Старая адносіліся сёлы Жосна Старая, Гулі, Баяры, Навасёлкі, Кузмічы і Канстанцінава(?), уласнасць Гутаровічаў. Зараз гэта паўночны-усход Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Ад капліцы ў Старой Жосне да вёскі Дзераўно наўпрост (праз Габы і Даўгінава) недзе 52 км. *** у 2-й палове 18 ст. такая вёска не згадваецца Крыніцы: 1. АВАК, 15 том, ст.93-94 2. АВАК, 15 том, ст.261-262 3. АВАК, 15 том, ст.327-329 4. АВАК, 15 том, ст.390-392
Юзаф Мінтаўт Чыж Пасля смерці падкаморыя віленскага Казіміра Мінтаўт Чыжа яго маёнткі Крайск і Грыневічы, абцяжараныя новымі даўгамі, адышлі да яго адзінага сына Юзафа. Паколькі Юзаф быў непаўналетнім, апякунства над маёнткамі да пачатку 18 стагодзя пачаргова пераходзіла да яго шваграў, мужоў яго старэйшых сясцёр Барбары, Гальшкі і Іаганны (ці Ганны). Першымі апякунамі з 3.02.1686 былі Барбара Чыжоўна і яе 1-ы муж пісар земскі троцкі Стэфан Ромер. Пасля смерці Стэфана Ромера (да 16.01.1687) апякунамі сталі 2-і муж Барбары судзя земскі упіцкі Станіслаў Марцінкевіч і муж Гальшкі падкаморы троцкі Уладзіслаў Ян Укольскі. У канцы 1690-х сярод апякуноў згадваецца муж Іаганны абозны смаленскі Базылі Слівоўскі. Пад час іх апякунства распачаўся новы этап барацьбы за маёнтак Грыневічы паміж Чыжамі і манашкамі свята-троіцкага мінскага кляштара, які на гэты раз прывёў да гвалтаў, рабаванняў і нават забойств. На працягу 1687 – 1689 гадоў адбылося шэраг судовых паседжанняў, на якіх было вынесена некалькі “рэмісійных” дэкрэтаў, якія ня мелі ніякіх практычынх вынікаў. 24.01.1689 новая “старшая” кляштару Гілярыя Садоўская заключыла прымірыцельнае пагадненне з панамі Марцінкевічам і Укольскім і іх жонкамі Барбарай і Альшкай, па якому нібы прызнала дзедзічнае права Чыжоў на фальварк Дзераўно. Пасля гэтага яны нейкі час жылі ў міры і згодзе, “Чыжы” трымалі Крайск і Грыневічы, а манашкі – Дзераўно. Далучэння Грыневіч да кляштара (1697 год) Праз 9 гадоў, пад час “бескаралеўя” 1696-1697 гадоў Гілярыя Садоўская распачала новы судовы разбор, на падставе таго што нібы апякуны Юзафа Мінтаўта Чыжа, паны Станіслаў Марцінкевіч і Уладзіслаў Ян Укольскі чынілі манашкам нейкі крыўды і пагрозы. І ўвогуле адмаўляліся ад папярэдніх пагадненяў, зноў прад’явіўшы свае правы на Грыневічы, Дзераўно і Чарнаруча і нават на вёску Хадакі. Насамрэч гэта быў вельмі зручны час, паколькі пад час “бескаралеўя” дзейнічалі толькі каптуровыя суды, у якія прызначаліся судзі земскіх, замкавых і падкаморчых судоў. У кожным павеце дзейнічаў свой каптуровы суд і таму Станіслаў Марцінкевіч, як судзя земскі упіцкі і Уладзіслаў Ян Укольскі, як падкаморы троцкі увайшлі ў склад сваіх каптуровых судоў віленскага ваяводства і не маглі прысутнічаць на паседжанях менскага каптуровага суда. Скарыстаўшыся гэтым, на падставе неяўкі вышэйзгаданых паноў, Гілярыя Садоўская на працягу 1696-1697 гадоў ініцыявала ў менскім каптуровым судзе тры “кантумацыйных” дэкрэта*. Пад час апошняга каптуровага суда манашкі нават “узгадалі” што Чыжы ім не сплочвалі 50 год “даніны” і налічылі што яны павіны ім за гэты перыяд з 1647 па 1697 гады 12500 злотых наяўнымі грошамі, 500 бочак жыта, 300 бочак соладу або ячмяню і 100 бочак солі. Згодна статуту пасля трох “кантумацыйных” дэкрэтаў следвала выгнанне з маёнтка, такім чынам Гілярыя Садоўская атрымала юрыдычную падставу каб далучыць да кляштару фундушавыя Грыневічы, Чарнаруча і застаўныя Хадакі, якія ў іх “адабралі” яшчэ ў 1672 годзе. У выніку 20.04.1697 тагачасны маршалак судоў каптуровых менскага ваяводства Крыштаф Станіслаў на Бакштах Завіша** выдаў загад падчашаму аршанскаму Стэфану Багушэвічаву Менькоўскаму і лоўчаму менскаму Даніелю Карнелію Аўлачынскаму, якія на той час займалі пасады судзяў каптуровых менскіх, каб яны ўчынілі судовы прысуд і адабралі Грыневічы, Чарнаруча і Хадакі і “вярнулі” іх манашкам. Паны Богушэвіч і Аўлачынскі выконваючы загад Завішы 7.05.1697 сабралі людзей і прыехалі да Грыневіч і як пасля скаржыліся “Чыжы”, яны (Багушэвіч і Аўлачынскі***) “з вялікай грамадой свавольнікаў напалі на маёнтак Грыневічы і вёску Хадакі, захапілі быдла рознае, жыта ў засеках ссыпанае і ўвогуле захапілі сам маёнтак, адабраўшы яго”. Аднак фальварк Чарнаруча абаранілі тагачасныя застаўнікі лоўчы пінскі Антоні Закрэўскі і яго жонка Ева Касакоўска. Пасля чаго быў складзены інвентар маёнтка Грыневічы і вёскі Хадакі, а пасля перададзены ва ўласнасць манахінь. Аднак ужо праз 2 месяца (10.07.1697) паны Укольскі і Марцінкевіч “выгналі” манашак з вёскі Хадакі. Такім чынам да рук базыльянак былі “вернуты” фальварк Грыневічы, а фальварк Чарнаруча і вёска хадакі застаўліся ў руках Чыжоў. Аднак на гэтым справа не скончылася. Пасля гэтага Гілярыя Садоўская падала новыя скаргі патрабуючы вярнуць ёй Чарнаруча і Хадакі, у выніку 19.08.1697 быў выдадзены чарговы дэкрэт каптуровага суда, у якім загадвалася каб Укольскі і Марцінкевіч “вярнулі” манашкам Чарнаруча і Хадакі. Адначасова маншкі вялі судовую справу і з панамі Закрэўскімі****, як застаўнікамі фальварка Чарнаруча, аднак тыя мелі моц, у тым што яны трымалі гэта ў заставе, таму манашкі і не маглі іх “выгнаць” адтуль. Дарэчы “застава” гэта быў сваесаблівы абыход тагачасных законаў і найлепшы спосаб абараніць свае маёнткі ад “крэдытораў” было паспець заставіць іх іншым. У свой час так рабіў і Мікалай Ярашавіч Воўчак (1600 год). * першы ад 22.08.1696, другі ад 13.10.1696, трэці ад 11.04.1697. Ні Марцінкевіч ні Укольскі не з’явіліся на суды. Прычыны неяўкі Укольскага не пазначаны, але Марцінкевіч ня мог з’явіцца так як выконваў свае прафесійныя абавязкі. 13.10.1696 ён выконваў абавязкі аднаго з судзяў упіцкага каптуровага суда, а 11.04.1697 удзельнічаў у попісе паспалітага рушання перад элекцыяй новага караля Рэчы Паспалітай. Што тычыцца іх жонак, то Барбара не магла з’явіцца за сваёй хваробы, а Гальшка на той час была ўжо не жыва. Фактычна Станіслаў Марцінкевіч меў законную падставу не з’яўляцца на менскі каптуровы суд, аднак паколькі з яго боку не было прадстаўнікоў і сам суд пра гэта “ня ведаў”, таму менскі каптуровы суд прыняў рашэнне не на яго карысць. ** Крыштаф Станіслаў на Бакштах Завіша вядомы дзеяч сваёго часу, уладальнік шэрагу маёнткаў на тэрыторыі сучснай Украіны, Беларусі і Літвы (Бердзічаў, Курклі, Уснаж, Бакшты (Смілавічы і Дукора) і Новы Двор (Марцыбелішкі)), стараста Менскі і Чачэрскі. *** па іншай версіі гэта былі Даніель Карнелі Аўлачынскі і Дамінік Валадковіч. **** па іх справе было некалькі “рэмісійных” (адтэрміноўчых) дэкрэтаў 22.08.1697, 11.12.1697 і 11.04.1698