Паважаныя знаўцы Іллянская краю! Маю пытанне. Як можна патулмачыць наяўнасць у Іспаведных ведамасцях Ільскай царквы такой значанай колькасці людзей у катэгорыі «ВАЕННЫЯ». Якая частка стаяла ў Іллі? Сярод гэтых ванных сустракаюцца Вараўкі. Гэта мясцовае прозвішча, ці яно з'явілася разам з размяшчэннем вайсковых у мястэчку? (У метрыках прадстаўнікі прозвішча маюць дадатак - "вайсковы пісар" і і нш).
У спаведках першай-другой траціны XIX ст. у спіс "ваенных" траплялі былыя рэкруты, бо пасля службы былы вайсковец змяняў сваё сялянскае саслоўе на ваенны статус. А ў праваслаўных спаведных спісах парафіян звычайна групавалі менавіта па саслоўях: напачатку - духавенства, потым - шляхта, далей - вайскоўцы, і нарэшце - сяляне. Адсочваў гэта па сваяках, якім пашчасціла вярнуцца дадому з рэкрутаў: усе ў спаведках былі запісаны менавіта ў катэгорыю ваенных. Мог у гэты спіс патрапіць і вайсковец з іншых краёў, калі асеў тут на жыхарства пасля службы. Вараўкі - мясцовае прозвішча, іх наўкол Ілі вельмі шмат было. Што датычыцца дадатку ў МК, то звычайна ў метрычных запісах для вайскоўцаў пазначалі званне, а калі пашчасціць - то нават і ягоны полк. Пра дыслакацыю вайсковых частак у Ілі ў XIX ст. ніколі нічога не чуў (акрамя вайны 1812 г. і перыядаў паўстанняў).
Шчыра дзякую за хуткі адказ! З ваеннымі цікава – такая колькасць адстаўных у мястэчку. Можа сялілі ветэранаў/інвалідаў? Вараўкі мяне цікавяць, бо мая прабабуля Ксенія Ігнац'еўна Вараўка была з Ільскага прыходу. Яе сямʼя жыла ва ўласным засценку Ванцоўшчына (Ванцовщина), падаецца, недзе з 1870-ых гг.(?) (Склад сямʼі на 1890 -ыя гг. Гаспадар – Леў Лукін Вараўка. Яго жонка – Разалія Пятроўна. Малодшы сын Льва – Пётр. Старэйшы сын – Ігнат. Сямʼя Ігната – жонка (Пелагея Іванова), сын – Іван; дочкі – Ганна, КСЕНІЯ, Вольга). Паводле няпоўных дадзеных засценак Ванцоўшчына быў у 1,5 км. ад в. Вязынка на беразе ручаіны ў месцы яе ўпадзення ў р.Ілля. (Умоўнае месца засценка на карце пазначана чырвоным крыжам). Пасля 1939 г. засценак ліквідаваны. Ручаіна засыпана, а на месцы засценка – калгасны палетак. Існуе праблема з ідэнтыфікацыі – на вядомых картах засценак не зафіксаваны. Магчыма, вы ведаеце дакладнае месца размяшчэння паселішча?
Можа й сялілі, але большасць прозвішчаў - мясцовыя. Таксама не знаходзіў яго на агульных мапах. Можа ён адзначаны пад іншай назвай? Калі маеце доступ да ЛДГА, то пашукайце ў фондах 525 і 526 план сядзібы. Ці планы памежных фальваркаў - на іх межах адзначаны назвы суседніх.