vitaut 3 июн 2025 в 15:32
УРА! Раскрыў яшчэ адну жаночую лінію!
На пачатку году я праглядаў метрычныя кнігі аб народжаных пры Пагосткай Пакроўскай праваслаўнай царкве Пінскага павету за 1930-я гады, калі гэтыя землі ўваходзілі ў склад Другой Рэчы Паспалітай, і аказалася, што ў некаторых запісах пра народжаньне пазначалася дзявочае прозьвішча маці і яе ўзрост!
Эўрыка, падумаў я, і вырашыў, што трэба таксама пашукаць прозьвішча маёй прабабулі Пелагеі з Валожынскага раёну, якая таксама жыла пры Польшчы.
І вось, калі НГАБ зноў адкрыў магчымасьць дасылаць біяграфічныя запыты, я пасьпеў адправіць два запыты: пра пошук шлюбу Пелагеі і Андрэя Важніка, а таксама пра запіс хросту іх дачкі Алімпіяды ў 1933 годзе ў праваслаўнай Крывіцкай царкве сьв. Аляксандра Неўскага. На жаль, метрыкі шлюбаў за патрэбны год не захаваліся, а запісы пра народжаньне/хрост за 1933 год хоць і ацалелі, але ня выдаюцца ў чытальную залю з-за кепскага стану. Аднак запыты паводле гэтай метрычнай кнігі прымаюцца.
Праз два месяцы здарылася цудоўнае - прыйшоў папяровы адказ з архіву, і ў ім таксама пазначана дзявочае прозьвішча Пелагеі Рыгораўны - БАГДАН / Bohdan / Богдан, 35 гадоў (прыкладна 1898 г.н.).
Гэта было шчасьце і дало мне новы імпульс да пошукаў!
Менш чым за суткі я знайшоў яшчэ чатыры прозьвішчы сваіх продкаў па мацярынскай лініі: Богдан, Дубатовка, Корсак і Лойка!
Таксама ўдалося знайсьці 13 продкаў прабабулі Пелагеі ці Палад'і.
Дзед Пелагеі — Богдан Іван Фёдараў з в. Богдан (прыхаджанін Крывіцкай царквы сьв. Аляксандра Неўскага) абвянчаўся ў 1848 годзе ў Кіевецкай царкве з Тацянай Ігнатаўнай Дубатовкай з в. Юржышкі Ракаўскай воласьці і, відаць, перабраўся на двор нявесты.
Хто адкуль:
Дубатоўка, Корсак і Лойка — з в. Юржышкі, Ракаўская воласьць, Менскі павет, а паводле Рэвізскай сказкі 1795 г. - Вілейскі павет.
Людзі з прозьвішчам Богданы ў РС 1795 і 1834 па в. Юржышкі адсутнічаюць, што сьведчыць, што яны маглі перабрацца, магчыма, з в. Богданы або іншай вёскі, бо прозьвішча ў гэтым рэгіёне даволі распаўсюджанае.
Таксама атрымалася знайсьці мноства паралельных ліній. Дасьледаваньне працягваецца...