ДАСЛЕДЧЫК ШЛЯХЕЦКАЙ ГЕНЕАЛОГІІ ФЁДАР ЧАРНЯЎСКІ. СЛОВЫ ПАМЯЦІ Гісторык і генеалог Сяргей Рыбчонак у апошнім томе «Беларускага Гістарычнага Агляду», які толькі нядаўна з’явіўся ў сеціве цалкам, надрукаваў невялікі, але цёплы, шчыры і змястоўны некралог ФЁДАРА ВІКТАРАВІЧА ЧАРНЯЎСКАГА (1940–2024) – гісторыка-аматара, які за 20 гадоў пенсійнага жыцця сам-насам здолеў запусціць і ў вялікай ступені рэалізаваць грандыёзны энцыклапедычны праект па рэканструкцыі персанальнага складу ўраднікаў Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Азнаёміцца з публікацыяй спадара Рыбчонка можна тут: https://www.belhistory.eu/archives/6975 Акрамя 7 кніг (5 выпускаў і 1 выпуск у 2-х частках) серыі біяграфічных даведнікаў па ўрадніках XVI–XVIII стагоддзяў, Фёдар Віктаравіч паспеў надрукаваць больш за 20 артыкулаў па генеалогіі і асобных персаналіях шляхецкіх родаў. Рукапісы яшчэ двух артыкулаў былі апублікаваныя ўжо пасмяротна: Чарняўскі Ф.В. Шляхецкі род Янішэўскіх у XVI–XVII стст.: паходжанне, маёмаснае становішча, сямейныя сувязі // Архіварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 22. / Рэдкал.: В.Ф. Голубеў (гал. рэд.), С.М. Рындзін (адк. рэд.) [і інш.]. Мінск: НГАБ, 2024. С. 216–233 (з мемарыяльным прысвячэннем ад рэдкалегіі: «Выдатнаму чалавеку, даследчыку, энтузіясту, патрыёту СВЕТЛАЯ ПАМЯЦЬ»). Чарняўскі Ф.В. Гаспадарскі дваранін Юхна Ваньковіч: сямейныя повязі і маёмаснае становішча // Генеалогія і сямейная гісторыя Беларусі: вопыт міждысцыплінарных даследаванняў. Зборнік навуковых артыкулаў / Уклад. В.В. Урублеўскі; рэдкал.: С.С. Юрэцкі (гал. рэд.), В.В. Урублеўскі (адк. рэд.) [і інш.]. Мінск: Беларуская навука, 2025. С. 202–216 (рукапіс падрыхтаваў да друку ЯЎГЕН ГЛІНСКІ). Больш падрабязна пра друкаваную навуковую спадчыну даследчыка можна даведацца з электроннай энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае»: https://vkl.by/articles/2246 У снежні 2024 г. стараннямі генеалога ВАДЗІМА УРУБЛЕЎСКАГА навукова-даследчы архіў спадара Чарняўскага быў перададзены яго сваякамі на захаванне ў Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Беларускія навукоўцы па-рознаму адносіліся да яго серыйнага выдання па ўрадніках Мінскага ваяводства. Кагосьці крыху насцярожваў «белетрызаваны» фармат біяграфічных артыкулаў у гэтых даведніках. Хтосьці звяртаў увагу на недастатковасць навуковага рэдагавання і карэктуры (арфаграфічныя памылкі сапраўды можна ўбачыць нават на вокладцы і тытульным аркушы некаторых выпускаў няўзброеным вокам). Стабільнага і паўнавартаснага рэдактарскага калектыву ў Фёдара Віктаравіча ўсё ж не было, а свае кнігі ён выдаваў на ўласныя сродкі. У розны час пры іх падрыхтоўцы навуковым кансультантам (выпускі 2–4) і навуковым рэдактарам (выпускі 5–6) выступаў СЯРГЕЙ РЫБЧОНАК, таксама навуковым рэдактарам (выпуск 4) і навуковым кансультантам (выпускі 5–6) быў ЗМІЦЕР ЯЦКЕВІЧ. Тым не менш, бясспрэчна адно: для сваіх грунтоўных біяграфічных даведнікаў спадар Чарняўскі самастойна перапрацаваў і згрупаваў проста неверагодна велізарны аб’ём унікальнай рэтраспектыўнай інфармацыі, якая стала даступнай шырокаму колу чытачоў. Практычная карысць ад яго кніг відавочная. Фактычна ён ашчадзіў час і аптымізаваў пошукі для многіх даследчыкаў. Генеалогі і пашукавікі-аматары яго абажалі, і іх удзяныя водгукі былі для Фёдара Віктаравіча на яго дзевятым дзясятку лепшым прызнаннем. Веданне архіўных крыніц і ўнёсак спадара Чарняўскага ў даследаванні па генеалогіі беларускіх шляхецкіх родаў былі выключнымі. І цяпер яго выданні не толькі запатрабаваныя на радзіме, але і займаюць пачэснае месца на паліцах з генеалагічнай літаратурай у шэрагу еўрапейскіх бібліятэк. У мяне ад даследаванняў Фёдара Віктаравіча і асабістага знаёмства з ім толькі самыя лепшыя ўражанні. Быў даволі працяглы перыяд, калі мы з ім бачылісія, віталіся і размаўлялі ледзь не кожны дзень у гістарычным архіве. Акрамя грунтоўных ведаў, у яго было цудоўнае пачуццё гумару, і нам з ім не трэба было лішні раз шукаць нагоды, каб разам пасмяяцца. Часам ён прасіў мяне нечым яму практычна дапамагчы, напрыклад, адшукаць на мармонаўскім сайце «FamilySearch» метрычныя кнігі беларускіх кальвінскіх парафій (бо, акрамя асаблівасцяў пошуку, праца з лічбавымі копіямі там усё ж вымагала індывідуальнай рэгістрацыі). Ну а калі ў мяне паўставала патрэба нешта высветліць у Фёдара Віктаравіча, у нечым пракансультавацца і г.д., то ён заўсёды з задавальненнем ішоў насустрач. Ён нават дзяліўся са мной некаторымі сваімі машынапіснымі напрацоўкамі (відаць, тымі, якія не збіраўся друкаваць). А калі падчас кавіду колькасць наведванняў ім архіва значна скарацілася, то ён усё роўна заставаўся дасяжным па тэлефоне і з радасцю падтрымліваў размову, быў карысны ўсім, чым толькі мог. Таксама прыемна, што некалькі разоў мы з ім паспелі спаслацца адзін на аднаго ў сваіх публікацыях. У сярэдзіне кастрычніка 2024 г., пасля доўгага зацішша, мы перакінуліся з Фёдарам Віктаравічам ў перапісцы добрым словам, а праз некалькі тыдняў я нечакана даведаўся, што ён пайшоў з жыцця. Апошнім, што ён тады мне напісаў – у адказ на маё пытанне пра яго даследаванні ў гістарычным архіве ў Мінску, была фраза: «У архіве цяпер сумна. Беранжэ ўжо ніхто не ведае». Проста склалася ў нас з ім такая традыцыя – пры сустрэчы цытаваць адзін аднаму верш П’ера Жана Беранжэ «Вар’яты» ў вядомым старым перакладзе Васілія Курачкіна, у прыватнасці, наступныя фрагменты: «Оловянных солдатиков строем По шнурочку равняемся мы. Чуть из ряда выходят умы: «Смерть безумцам!» – мы яростно воем; Поднимаем бессмысленный рев. Мы преследуем их, убиваем – И статýи потом воздвигаем, Человечества славу прозрев». «Господа! Если к правде святой Мир дороги найти не умеет – Честь безумцу, который навеет Человечеству сон золотой! По безумным блуждая дорогам, Нам безумец открыл Новый Свет; Нам безумец дал Новый завет – Ибо этот безумец был Богом. Если б завтра земли нашей путь Осветить наше солнце забыло – Завтра ж целый бы мир осветила Мысль безумца какого-нибудь!» https://www.facebook.com/share/p/1AYyb3DoUE/?mibextid=wwXIfr