1. Уважаемый гость! Если во время регистрации на сайте возникли проблемы, сообщите о них, пожалуйста, сюда: mihail@vilejski-uezd.by Вам обязательно помогут!

История Вилейки

Опубликовал Евгения Головаш в Блог Евгения Головаш. Просмотров: 1517

1907 год: як першы цягнік паехаў з Вілейкі ў Маладзечна
[​IMG]
Фота забяспечанае Вольгай Коласавай.

110 год таму праз Вілейку пралягла Сядлецка-Пецярбургская чыгунка, пабудаваны вакзал. 1 студзеня 1907 года ў павятовым горадзе Вілейка адбылося ўрачыстае адкрыццё чыгуначнай станцыі. У гэты дзень паравоз з некалькімі вагонамі даў пранізлівы гудок і зрабіў тут прыпынак.

Уздоўж усяго перона стаяў вялікі натоўп – гараджане і сяляне навакольных вёсак, дзеці абляпілі дрэвы, а наперадзе – павятовае начальства. Іграў духавы аркестр. У цэрквах, Свята-Марыінскай і Свята-Георгіеўскай, з такога выпадку былі наладжаныя святочныя малебны. Усе з вялікай радасцю і нецярпеннем чакалі першы пасажырскі цягнік. Пастаяўшы некалькі хвілін, цягнік мякка-мякка крануўся ў напрамку Маладзечна да станцыі Сядлец.

Пачыналася новая старонка ў гісторыі горада і жыцці віляйчан.

Канец XIX – пачатак XX стагоддзя былі часам, калі ў свеце навісла пагроза сусветнай вайны, якая ў выніку і пачалася летам 1914 года. Упершыню ідэя будаўніцтва чыгуначнай лініі Балагое – Полацк – Сядлец была абгаворана падчас сустрэчы кіраўніцтва генеральных штабоў Расіі і Францыі ў лютым 1901 года. 5 лютага 1902 года быў зацверджаны канчатковы маршрут будучай лініі.

На ўчастку ад Балагое да Полацка яна амаль поўнасцю праходзіла па неабжытых тэрыторыях густых лясоў. Кіраўніком будаўнічых работ на гэтым участку (450 вёрст) быў прызначаны Аляксандр Рыжоў, які дэталёва даследаваў мясціны, па якіх мелася прайсці чыгунка. Участкам Полацк – Сядлец (590 вёрст) кіраваў Уладзімір Цімафееў-Расоўскі.

Згодна з зацверджаным у першы дзень сакавіка 1902 года Палажэннем, чыгунка Балагое – Сядлец павінна была цалкам задавальняць патрэбы Ваеннага ведамства. На ўсім сваім працягу яна павінна была мець пад два пуці апоры мастоў і земляное палатно, на выпадак рэзкага павялічэння транспартных патокаў.

Былі запланаваныя дадатковыя пуці і стрэлкі, цёплыя баракі для салдат, стайні з вадой для коней, пагрузачныя пляцоўкі, пункты харчавання і лазні на станцыях III класа.

Рэгулярны рух па чыгунцы адкрыўся ў студзені 1907 года. Чыгунка прайшла праз Полацк, Вілейку, Маладзечна, Ліду, Масты, з адгалінаваннем ад Мастоў у бок Гродна.

Жывая нязменная гісторыя Вілейкі – чыгуначны вакзал, адзін з самых старых будынкаў горада, быў пабудаваны ў 1906 годзе. Вакзалы на той час узводзілі па некалькіх тыпавых праектах і ў адзіным архітэктурным стылі.



[​IMG]

Вакзал у Вілейцы часоў першай сусветнай вайны.



Па ступені аснашчанасці і стратэгічнай значнасці станцыі падзяляліся на класы. Станцыя ў Вілейцы не мела дэпо, таму адносілася да III класа. Усе вакзалы, або, як раней іх называлі, пасажырскія будынкі на буйных, асноўных станцыях III класа на лініі Балагое – Полацк – Сядлец, узводзіліся з цэглы і былі пабудаваныя да 1907 года. Многія з іх захаваліся да нашых дзён і маюць знешняе падабенства.

Станцыя Вілейка ўяўляла сабой цэласны архітэктурны ансамбль: вакзал з буфетам плошчай 75,03 кв. сажні, пасажырская платформа, воданапорная вежа, службовыя і гаспадарчыя збудаванні. Пры набліжэнні да станцыі, першай вачам адкрываўся верх воданапорнай вежы, або як тады ў дакументах “водоёмное здание”.

Такія вежы будаваліся праз 20 кіламетраў, бо прыкладна такую адлегласць мог прайсці паравоз без дазапраўкі вадой. У вялізны бак ваду напампоўвалі з Віліі. Недалёка ад берага знаходзілася помпавая станцыя, гэты прыгожы будынак з чырвонай цэглы, ажурнымі арнаментамі і ліштвай захаваўся да нашых дзён.

Пасля вызвалення Вілейкі ў верасні 1915 года на чыгуначнай станцыі адбыліся дзве важныя падзеі, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі дынастыі Раманавых. 28 верасня вялікі князь Георгій Міхайлавіч Раманаў ад імя Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Рускай Імператарскай Арміі ўручаў узнагароды салдатам, якія вызначыліся ў баях.



[​IMG]

23 снежня 1915 года ў чаканні прыезду імператара Мікалая ІІ.



А 23 снежня для агляду войск 2-й арміі Заходняга фронту сюды прыбыў і сам Імператар Мікалай II: ”…Раніцай цягнік прайшоў Маладзечна і ў палове 10 гадзіны спыніўся ў Вілейцы. Тут знаходзіўся камандуючы 2-й арміяй і ганаровы каравул ад 113-га пяхотнага Старарускага палка. Надвор’е стаяла цёплае, і нават сонца выглянула на гадзіны паўтары. Навокал былі бачныя акопы, магілы і іншыя сляды вераснёўскіх баёў…”, – занатаваў імператар у сваім дзённіку.

Час, падзеі і людзі ўнеслі свае карэктывы, змяніўшы знешняе аблічча будынка вакзала і воданапорнай вежы. У 1920-30-я гады, калі тэрыторыя Вілейшчыны, як і ўсёй Заходняй Беларусі, уваходзіла ў склад Польшчы, будынак чыгуначнага вакзала быў значна перабудаваны. З’явіўся другі паверх, або мансардныя памяшканні, дзе доўгі час жылі службоўцы чыгункі. Над галоўнымі ўваходамі з’явіліся стылізаваныя атыкі. Зніклі вокны ў тарцах, саступіўшы месца дзвярам.

У такім выглядзе вакзал захаваўся да нашых дзён.

Сёння ў будынку вакзала знаходзіцца каса, дзве залы для чакання, службовыя памяшканні.

Пракладка чыгункі ў той час праз тое ці іншае мястэчка вельмі часта карэнным чынам мяняла яго лёс, станавілася моцным штуршком для паскарэння эканамічнага развіцця самога горада і прылеглай тэрыторыі.

Пасля будаўніцтва чыгункі Вілейка стала імкліва расці. Чыгунка паспрыяла ажыўленню гандлю, развіццю прамысловых прадпрыемстваў і рамёстваў, з’явіліся новыя прафесіі і рабочыя месцы, што ў сваю чаргу прывяло да росту насельніцтва. І яшчэ. З гэтага вакзала пачыналася падарожжа ў вялікае жыццё віляйчан.

Автор: старший научный сотрудник Вилейского краеведческого музея, Ольга Колосова
Источник: "Рэгiянальная газета" http://www.rh.by/by/421/70/16476/
С. Ж. нравится это.
  • Олег
  • Евгения Головаш
You need to be logged in to comment