1. Уважаемый гость! Если во время регистрации на сайте возникли проблемы, сообщите о них, пожалуйста, сюда: mihail@vilejski-uezd.by Вам обязательно помогут!

История Вилейки

Опубликовал Евгения Головаш в Блог Евгения Головаш. Просмотров: 1645

Гісторыя вілейскіх вясковых могілак. Што цяпер там, дзе хавалі байцоў і ахвяр Першай сусветнай вайны
[​IMG]
Фота забяспечана Вольгай Коласавай.

Некалі віляйчан хавалі на могілках, якія знаходзіліся на месцы сённяшняй плошчы Свабоды, там, дзе стаяла ўніяцкая Свята-Троіцкая царква. Калі там не стала хапаць месца, людзей пачалі хаваць за рысай горада, у залежнасці ад выравызнання.

З часам у горадзе ўтварылася трое могілак: праваслаўныя, каталіцкія і яўрэйскія. Праваслаўных сталі хаваць на месцы сённяшніх цэнтральных могілак, што месцяцца па вуліцы 1 Мая.

Пахаванні салдат, якія загінулі падчас бою за Вілейку ў 1915 годзе
У верасні 1915 года падчас бою за Вілейку загінула шмат салдат. Іх хавалі за гарадскімі праваслаўнымі могілкамі. Па дакументах Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва (РДВГА) і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі яны сталі вядомыя, як Вілейскія вайсковыя могілкі за турмой, Вілейскія вайсковыя брацкія могілкі, Вайсковыя могілкі ў горадзе Вілейка па вуліцы Нароцкай (цяпер 1 Мая).

Першымі пахавалі салдат і афіцэраў, якія загінулі ў баях за вызваленне горада і станцыі Вілейка. Пазней тут сталі хаваць і памерлых ад ран і хвароб у шпіталях і лазарэтах, размешчаных у Вілейцы.

У 1917 годзе на могілках была пабудаваная драўляная царква Адсячэння галавы Іаана Прадцечы. Яна была прыпісаная да Свята-Марыінскага храма.

Дакладную колькасць пахаваных салдат на вайсковых брацкіх могілках устанавіць не ўяўляецца магчымым. Можна сцвярджаць, што не менш за 500 чалавек. На архіўных схемах РДВГА 1916 года бачна, што на ваенных вайсковых могілках было восем радоў, у радзе – каля 60-70 магіл. Магілы былі як адзіночныя, так і брацкія.

Вось што напісана ў архіўнай выпісцы: “Радавы прадуктовага транспарту 20-га армейскага корпуса Белкін Герасім Дзмітрыевіч быў пахаваны 2 жніўня 1916 года ў брацкую магілу (пахаваныя тры чалавекі) у 7 радзе, магіла №62, калі лічыць з поўначы на поўдзень, а з поўдня на поўнач – №5”.

Дзякуючы архіўным дакументам давялося ўстанавіць прозвішчы каля 300 чалавек, пахаваных на вайсковых брацкіх могілках. А таксама, якія шпіталі і лазарэты знаходзіліся ў Вілейцы, якія вайсковыя часці і падраздзяленні вялі тут баі, пра прымяненне авіяцыі і хімічнай зброі.



[​IMG]

Верасень 1915 года. Бой за Вілейку вачыма нямецкага мастака. Фота забяспечана Вольгай Коласавай.



Над салдатамі ляжаць мясцовыя жыхары
Падчас савецка-польскай вайны 1919-1920 гадоў на вілейскай зямлі загінула шмат польскіх салдат, якіх пахавалі за брацкімі вайсковымі могілкамі. На плошчы 45х50 метраў утварыўся ўчастак польскіх ваенных могілкаў, на якіх пахаваныя 234 чалавекі. Магілы захаваліся да нашых дзён.

На жаль, магілы рускіх салдат, якія загінулі ў баях за Вілейку ў верасні 1915 года, а таксама памерлых ад ран і хвароб, не захаваліся.

Спачатку была разабраная драўляная царква Іаана Прадцечы, якая стаяла на тэрыторыі вайсковых брацкіх могілак. У студзені 1939 года дах царквы праваліўся з-за вялікай колькасці снегу, яе стан стаў пагражаць бяспецы людзей. У 1950-я гады на тэрыторыі вайсковых могілак былі перапахаваныя астанкі вайскоўцаў Чырвонай Арміі і партызан, якія загінулі пры вызваленні Вілейкі ў ліпені 1944 года.

У 1960-1990 гадах зверху па вайсковых пахаваннях Першай сусветнай вайны былі пахаваныя памерлыя жыхары Вілейкі. Астанкі салдат так і ляжаць на тэрыторыі могілак знізу.

Да нашага часу захавалася толькі магіла Фёдара Кандрацьевіча Альфера, які загінуў у гады Першай сусветнай вайны. Ён быў прапаршчыкам 266-га пяхотнага Парэчанскага палка. Нарадзіўся ў Вілейцы 5 чэрвеня 1893 года. Загінуў у баі 1 красавіка 1916 года ў раёне возера Нарач. Яго цела было дастаўленае на радзіму і пахаванае на Вілейскіх гарадскіх могілках.

Храм-помнік у імя Мікалая Цудатворца
Яшчэ ў жніўні 1915 года свяціцель Ціхан, патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, які ў 1914-1917 гадах быў архіепіскапам Літоўскім і Віленскім, выказаў ідэю пабудовы ў Вілейцы храма-помніка ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца – як памяць пра рускіх воінаў, якія загінулі ў Першую сусветную вайну.

У першую гадавіну вызвалення Вілейкі, 11 верасня 1916 года, на царкоўнай зямлі, на месцы меркаванай пабудовы храма-помніка, была асвечаная драўляная Свята-Мікалаеўская капліца, узведзеная клопатамі 396-га палявога шпіталя.

Са згоды Уладыкі пры царкве быў сфарміраваны будаўнічы камітэт, старшынёй якога быў прызначаны прадвадзіцель дваранства Вілейскага павета Аляксей Бараздзін.



[​IMG]

Вываз цела штабс-капітана Падбела на станцыю Вілейка пасля адпявання. 1917 год. Фота забяспечана Вольгай Коласавай.



Ахвяраванні на храм
18 лістапада 1916 года яго высокапраасвяшчэнства даў дазвол на правядзенне збору ахвяраванняў на храм у межах Літоўскай епархіі. У хуткім часе паступілі і першыя ахвяраванні: ад невядомага вайсковага чына – адзін рубель і ад вілейскай мяшчанкі Агафіі Барташэвіч – 30 рублёў.

Наступіў новы, 1917 год. У лютым адбыўся дзяржаўны пераварот, у кастрычніку – яшчэ адзін. Расійская імперыя спыніла сваё існаванне. Армія распалася.

Апошнія ахвяраванні на храм па падпісных лістах паступілі ў верасні 1917 года. 6 снежня 1917 года будаўнічы камітэт падвёў вынікі работы за год. У дакладзе часовага выканальніка абавязкаў казначэя камітэта святара Вілейскай Свята-Марыінскай царквы Віктара Краскоўскага гаварылася, што ад 6 снежня 1916 года і да 6 снежня 1917 года па грашовых кнігах камітэта запісаны прыход наяўнага капіталу: па ашчаднай кніжцы за №442/242 – пяць тысяч 100 рублёў ваеннай пазыкі і пазыкі Свабоды і наяўнымі па ашчаднай кніжцы за №1800-2560/242 – 1 064 рублі 30 капеек.

У другім паўгоддзі гэтага года (ад 6 чэрвеня да 6 снежня) паступілі больш буйныя ахвяраванні: ад афіцэраў 23-га Каўказскага стралковага палка – 54 рублі 33 капейкі, ад афіцэраў і салдат 28 артылерыйскай брыгады – 42 рублі, ад афіцэраў 723-га пяхотнага палка – 62 рублі, ад 532-га пяхотнага палка – 189 рублёў 51 капейка, ад розных палкоў і часцей штаба 133-й пяхотнай дывізіі – 415 рублёў 95 капеек, ад афіцэраў 1 Таманскага казацкага палка – 28 рублёў 58 капеек, ад афіцэраў 1-га Фінляндскага стралковага палка – 45 рублёў, ад афіцэраў 536-га пяхотнага Яфрэмаўскага палка – 67 рублёў 20 капеек, ад афіцэраў 543-га Гарадоцкага палка – 90 рублёў 18 капеек, ад салдат 548-га пяхотнага Чугуеўскага палка – 27 рублёў 28 капеек, ад воінскіх чыноў 112-га пяхотнага Уральскага палка – 103 рублі 50 капеек.

Праз тры гады, 6 лютага 1921 года, святар Віктар Краскоўскі зрабіў апошні запіс у кнізе пратаколаў: “...пакінуць усе дакументы будаўнічага камітэта з сабранымі сумамі на захоўванне ў Свята-Марыінскім храме горада Вілейкі”.

Брацкія могілкі сцерлі з зямлі
У сакавіку 1921 года, пасля заканчэння савецка-польскай вайны, Вілейка апынулася ў межах Рэчы Паспалітай. Польская ўлада не была заклапочаная, каб захаваць памяць пра рускіх воінаў, гэтак жа, як і савецкая ўлада, якая прыйшла ў 1939 годзе. Вайсковыя брацкія могілкі сцерлі з зямлі. Не засталося ніякіх слядоў і ад царквы Адсячэння галавы Іаана Прадцечы, пабудаванай на могілках у 1917 годзе, а таксама ад Свята-Мікалаеўскай капліцы, узведзенай ў 1916 годзе на месцы меркаванай пабудовы храма-помніка.

Аднак захаваліся не толькі дакументы будаўнічага камітэта, пакінутыя на захоўванне ў Свята-Марыінскім храме, але і натхняльныя радкі, прадыктаваныя любоўю, што Вілейка ўпрыгожыцца новым храмам-помнікам, які будзе наглядным сведчаннем гераізму рускіх воінаў.

Прайшло 100 гадоў пасля вайны. І ўжо сёння пры ўваходзе на вілейскія гарадскія могілкі па вуліцы 1 Мая ўзведзеная капліца-помнік у памяць герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны.

Да яе ўзвядзення спрычыніліся такія нераўнадушныя людзі, як Віктар Буры, Анатоль Капцюг – архітэктары; Аляксандр Праснякоў – дырэктар фонду Першай сусветнай вайны “Крокі” і ваенны кансультант. Мастаком праекта стаў вядомы беларускі мастак Барыс Цітовіч, які на працягу многіх гадоў узнаўляе памяць далёкай і не заслужана забытай вайны.

Автор: старший научный сотрудник Вилейского краеведческого музея, Ольга Колосова
Источник: "Рэгiянальная газета" http://www.rh.by/by/352/70/12697/
Василий нравится это.
You need to be logged in to comment